Следчы камітэт расказаў пра справу са 130 тысячамі пацярпелых

Следчы камітэт расказаў пра справу са 130 тысячамі пацярпелых

Старшыня упраўлення СК па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці Аляксандр Сушко расказаў журналістам падрабязнасці справы, у якой замяшаныя групоўка кібер-злачынцаў і беларускі "Прыёрбанк".

"Справа расследуецца ў супрацоўніцтве з Еўраполам. Па ёй праходзіць 130 тысяч пацярпелых. Сума нанесенай шкоды ― каля васьмі мільёнаў еўра. Адзін грамадзянін Беларусі ужо асуджаны", ― паведаміў Аляксандр Сушко.

Схема злачынцаў была наступнай: з пластыкавых карт замежных грамадзян грошы адносна невялікімі сумамі пераводзіліся на рахунак у беларускім "Прыёрбанку", адкуль ― далей, на рахункі у Кіпры і затым у Латвіі, дзе здымаліся наяўныя. Пры гэтым пра злачынства беларускія следчыя даведаліся не ад супрацоўнікаў "Прыёрбанка", а ад сваіх нямецкіх калег.

Следчы камітэт расказаў пра справу са 130 тысячамі пацярпелых
Аляксандр Сушко, фота sk.gov.by.

"Усё гэта адбывалася два гады таму. "Прыёрбанк" фактычна спрыяў таму, каб гэтае злачынства адбылося. На працягу чатырох месяцаў яго супрацоўнікі не паведамлялі ў праваахоўныя органы, хаця маглі самастойна зразумець, што адбываецца злачынства. Супрацоўнікі банка маглі самастойна яго спыніць. Пазней банк самастойна вярнуў пацярпелым 380 тысяч долараў", ― расказаў прадстаўнік Следчага камітэта.

Па словах Аляксандра Сушко, такія паводзіны банка значна ўскладняюць працу па своечасовым расследаванні злачынстваў. “Ёсць праблемы унутры краіны. Праблемы ва ўзаемадачыненні з банкамі. "Прыёрбанк" не прыняў дастатковых мер... У дачыненні да некалькіх супрацоўнікаў банка цяпер вядзецца справа па артыкуле "Халатнасць"”, ― сказаў Сушко.

Кіраўнік упраўлення СК таксама дадаў, што адным з фактараў, які спрыяў здзяйсненню гэтага злачынства, стала тое, што "Прыёрбанк" першым у краіне ўкараніў новую тэхналогію (гаворка пра адзін з варыянтаў эквайрынгу ― магчымасці аплаты пластыкавымі картамі), не паклапаціўшыся пра яе поўную бяспеку.

Акрамя "справы "Прыёрбанка", прадстаўнікі СК таксама расказалі пра раскрыццё дзейнасці групоўкі з Магілёва і экстрадыцыі ў Беларусь грамадзяніна Беніна, якога па запыце беларускіх следчых затрымалі ў Марока. Усе яны набывалі тавары ў інтэрнэт-крамах, карыстаючыся пры гэтым дадзенымі чужых пластыкавых карт. Магілеўчане нанеслі шкоды на суму больш за 200 тысяч долараў і ўжо атрымалі за сваю дзейнасць тэрміны ад 9 да 11,5 года пазбаўлення волі. Справа бенінца перададзеная ў пракуратуру.

"Затрыманыя лічылі, што калі красці грошы не ў грамадзян Беларусі, то адказнасці можна пазбегнуць. Яны памыляліся", ― сказала афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Пасля прэс-канферэнцыі СК “Прыёрбанк” ў сваім каментарыі заявіў, што не маеінфармацыі аб парушэнні патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь:

”Кіраўніцтвам “Прыёрбанка” накіраваны запыт у Следчы камітэт РэспублікіБеларусь з просьбай прадастаўлення інфармацыі пра расследаванне ў межах крымінальнай справы, у якой фігуруюць супрацоўнікі банка. Інфармацыяй пра тое, што аперацыйная дзейнасць “Прыёрбанка” ажыццяўлялася з парушэннемпатрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь мы не маем”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі