Службовых асобаў "Нафтана" вінавацяць у прычыненні шкоды на 46 млрд рублёў
Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы супраць службовых асоб ААТ "Нафтан".
У каментары БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч паведаміў, што намеснік гендырэктара і два яго падначаленыя яшчэ ў чэрвені 2011 года ўступілі ў злачынную змову з трыма прадстаўнікамі камерцыйных структур. Прадстаўнікі "Нафтана" атрымоўвалі хабар за дапамогу ў падпісанні кантрактаў са сваім прадпрыемствам.
Напрыклад, ад аднаго з кантрактаў, заключанага ў лютым 2013 года, абвінавачаныя планавалі атрымаць больш за 900 тысяч еўра. Аднак зламыснікаў затрымалі аператыўнікі МУС.
Па звестках следства, ад кантрактаў, падпісаных па неабгрунтаваным коштах, "Нафтану" была прычыненая шкода больш чым на 46 млрд рублёў. Пры гэтым службовыя асобы атрымалі хабар на суму больш за 240 тысяч еўра.
Прынятыя следствам меры далі магчымасць кампенсаваць прычыненую прадпрыемству шкоду на суму больш за 38 млрд рублёў.
Затрыманым супрацоўнікам "Нафтана" выставілі абвінавачанні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Расследаванне крымінальнай справы супраць прадстаўнікоў камерцыйных структур працягваецца.