Смерць Міхаіла Пішчэўскага не можа стаць прычынай для перагляду справы
Міхаіла Пішчэўскага моцна збілі больш за год таму на выхадзе з клуба, дзе праходзіла гей-вечарынка. Яго збіў былы настаўнік фізкультуры Дзмітрый Лукашэвіч. Прычынай канфлікту стала нетрадыцыйная арыентацыя Пішчэўскага. Лукашэвіч атрымаў 2 гады і 8 месяцаў зняволення, але выйшаў па амністыі праз 11 месяцаў.
27 кастрычніка стала вядома, што Міхаіл Пішчэўскі памёр. Але юрысты кажуць, што гэта не можа быць прычынай для перагляду справы.
Так, праваабаронца Таццяна Равяка тлумачыць Еўрарадыё, што прысуд выкананы і смерць Пішчэўскага нічога не мяняе.
"Не можа быць перагляду справы, таму што прысуд вынесены, і набыў законную моц, і ўжо выкананы. Згодна з нашым заканадаўствам, перагляду справы быць не можа".
Юрыст Павел Сапелка таксама кажа, што смерць Пішчэўскага не можа быць падставай для змены прысуду. Дзеянням Лукашэвіча ўжо далі крымінальна-прававую ацэнку. Ён асуджаны, прысуд набыў законную моц і ўжо выкананы.
"Адзіны варыянт — гэта ўважлівы перагляд прысуду, які быў вынесены. Паколькі, на мой погляд, пракуратурай не былі залічаны вельмі важныя кваліфікуючыя прыкметы дзеянняў абвінавачанага і прысуд вынесены без уліку усіх абставін справы. Але гэты прысуд ужо быў абскарджаны і прайшоў практычна ўсе стадыі абскарджвання".
І паколькі з таго часу ўжо прайшоў год у прысуд могуць дадаць гэтыя дадатковыя прыкметы, але само пакаранне не можа быць зменена.
Пішчэўскі быў збіты Дзмітрыем Лукашэвічам 25 траўня 2014 года каля клуба пасля гей-вечарынкі. 16 кастрычніка 2014 года Лукашэвіча асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў папраўчай калоніі за хуліганства і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці. Маральную шкоду суд ацаніў у 100 мільёнаў рублёў.
Сваякі пацярпелага абскардзілі прысуд. 13 студзеня 2015 года суд зноў вынес прысуд 2 гады і 8 месяцаў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, хаця пракурор прасіў 7 гадоў. Сума маральнай шкоды была павялічаная: Лукашэвіча абавязалі выплаціць 150 мільёнаў пацярпеламу і 63 мільёны — яго маці.
20 жніўня 2015 года Лукашэвіч выйшаў на волю па амністыі. У турме ён адбыў толькі 11 месяцаў – траціну тэрміну.