СМІ: Беларусь размясціла еўрабонды на 1,4 млрд долараў
Беларусь размясціла еўрааблігацыі на 1,4 млрд долараў. Першы транш з пагашэннем у лютым 2023 года ў аб’ёме 800 мільёнаў долараў, другі — з пагашэннем у чэрвені 2027-га ў памеры $600 млн, інфармуе Reuters. Адзначаецца, што прыбытковасць кароткага траншу была ўстаноўленая на ўзроўні 7,125 адсотку гадавых, доўгага выпуску — 7,625 адсотку гадавых. Гэтую інфармацыю пазней пацвердзіла прэс-служба Міністэрства фінансаў Беларусі.
Пры гэтым попыт на еўрааблігацыі з боку інвестараў склаў больш за $3,1 млрд, гэта значыць аказаўся ўдвая большы. Арганізацыяй здзелкі займаліся банкі Citi і Raiffeisen Bank.
Раней улады Беларусі заяўлялі, што сёлета плануюць выпусціць еўрааблігацыі на суму да 1 млрд долараў. Партал tut.by нагадвае, што наша краіна вярнулася на міжнародны даўгавы рынак пасля працяглай паўзы, якая цягнулася ад студзеня 2011 года.