СМІ: брытанская разведка ведае імя арганізатара выбуху на борце самалёта А321
Брытанскае выданне The Sunday Times паведаміла, што брытанская разведка ведае імя меркаванага арганізатара выбуху 31 кастрычніка на борце расійскага пасажырскага самалёта А321 у Егіпце (тады загінулі 224 чалавекі). Гэта — Абу Усама аль-Масры, лідар сінайскай групоўкі тэрарыстычнай арганізацыі "Ісламская дзяржава". Менавіта гэтая ячэйка тэрарыстаў вырабіла бомбу, якая была пранесеная на самалёт і ўзарваная, калі ён быў у паветры.
Нібыта, брытанцы прапанавалі расійскім калегам дапамогу, каб узяць Абу Усама аль-Масры "жывым ці мёртвым". Аднак афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.
Нагадаем, тэрарысты з "Ісламскай дзяржавы" двойчы бралі на сябе адказнасць за тэракт, але не раскрывалі яго падрабязнасці. Пра сваю датычнасць да знішчэння расійскага лайнера заяўляў і аль-Масры. Афіцыйна дагэтуль не прызнана, што самалёт быў знішчаны ў выніку тэракту. Расследаванне працягваецца.
Фота: thesundaytimes.co.uk