СМІ: У віцебскім прытоне затрымалі праваслаўнага бацюшку з Расіі
У віцебскім прытоне затрымалі праваслаўнага святара з Расіі. Пра гэта паведамляе сайт 47news.ru. Паводле звестак партала, гэта 39-гадовы айцец Мікалай (Мікалай Кірэеў), які служыць у храме святых апосталаў Пятра і Паўла ва Усевалажскім раёне Ленінградскай вобласці. Святар з’ехаў 2 жніўня і паведаміў родным і калегам, што мае намер наведаць манастыр у падмаскоўнай Істры. Пры гэтым ён нічога не сказаў сваёй жонцы. 4 жніўня жанчына звярнулася ў паліцыю з заявай пра знікнення мужа.
Знайшоўся ён у Віцебску, дзе яго затрымалі падчас аблавы на прытон. У той момант там знаходзіліся прастытуткі. Святар не быў кліентам і паведаміў праваахоўнікам, што хацеў вывезці дзяўчат у Санкт-Пецярбург.
Афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пацвердзіла, што 39-гадовы грамадзянін Расіі сапраўды затрыманы ў прытоне і на яго завялі крымінальную справу паводле ч.1 арт.14 ч.2 арт. 171 Крымінальнага кодэксу (замах на арганізацыю або выкарыстанне занятку прастытуцыяй, ці стварэнне ўмоваў для занятку прастытуцыяй, звязаныя з вывазам за межы дзяржавы асобы для занятку прастытуцыяй).
Падставай для пачатку крымінальнай справы паслужылі матэрыялы, якія паступілі ад віцебскіх праваахоўнікаў. З падазраваным працуюць следчыя.