СМІ: Улады Беларусі просяць у Расіі фінансавую падтрымку — $2,5 млрд

Улады Беларусі запыталі ва ўрада Расіі фінансавую падтрымку на 2015 год у памеры 2,5 млрд долараў. Пра гэта паведамляе партал tut.by, які спасылаецца на некалькі інфармаваных крыніц. Нібыта, цяпер ідзе абмеркаванне розных формаў фінансавай дапамогі. Гэта могуць быць як крэдыты ад расійскага ўраду, так і крэдыты ад буйных расійскіх дзяржаўных банкаў.

Таксама неназваная крыніца сцвярджае, што "беларускія прадпрыемствы могуць атрымаць істотныя прывілеі па доступе на расійскі рынак".

Нагадаем, пасля візіту ў Маскву прэм'ера Андрэя Кабякова стала вядома, што беларускі ўрад рыхтуе праграму сумесных з Расіяй антыкрызісных мер па пераадоленню праблем у эканоміцы. Фінальную версію плануецца разгледзіць і ўзгадніць на паседжанні Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі 3 сакавіка.

Нагадаем, пра тое, што пры неабходнасці "Расія падставіць плячо", гаварыў на нядаўняй вялікай прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка.

Як вядома, сёлета Беларусі неабходна выплаціць каля 4 млрд долараў па знешніх абавязацельствах. Пры гэтым золатавалютныя рэзервы нашай краіны за студзень зменшыліся на 335 млн долараў — да $4,7 млрд.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі