SMS-мінёр атрымаў 9 гадоў. З прысудам не згодная… “пацярпелая” (фота)

“Мінёру-жартаўніку” з мінскага метро далі ажно дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд Цэнтральнага раёна сталіцы абвясціў прысуд у аўторак 30-га верасня.

Само здарэнне прагрымела ў масмедыя 26-га лютага. У сталіцы тады на некалькі гадзін спынілі абедзве лініі метро. 

Гісторыя спачатку падавалася камічнай. 34-гадовы грамадзянін Сіманаў у вагоне падземкі пісаў SMS дзяўчыне. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, тэкст быў такі: “У мяне бомба я ў метро дзе ўзарваць код актывацыі падкажы”. Гэтую SMS на экране чужога тэлефона ўбачыла студэнтка БДУ, якая расказала пра ўсё ахове метрапалітэна. 

Раім пачытаць: "Мне нават здалося, што ён хоча, каб я пачытала SMS пра бомбу ў метро"

Паводле вынікаў следства, SMS-мінёра абвінавацілі не толькі ў “Заведама лжывым паведамленні аб небяспецы”, але і ў “Згвалтаванні”, “Дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў” і “Дэманстрацыі парнаграфіі”. Пацярпелая, за якую зачапілася следства, гэта суседка SMS-мінёра Ксенія Г. (сёння ёй 17 гадоў). Дзяўчына дапамагала Сіманаву прыглядаць за яго дзецьмі, свае адносіны яны не афішавалі. Ёй мужчына і напісаў тое SMS. У доме “мінёра” нават знялі абшыўку канапы, каб нейкім чынам праверыць яе на наяўнасць слядоў сексуальных зносін… паўтарагадовай даўніны.

Аказалася, што “пацярпелая” і пасля заканчэння следства захоўвае на старонцы ў сацыяльных сетках дзясяткі фотаздымкаў Сіманава і яго дзяцей. Ці можа ахвяра ставіцца такім чынам да свайго крыўдзіцеля?

Раім пачытаць: Ці быў ціск на сведку Ксенію Г. падчас следства? 

Вось і пасля вынясення прысуду адразу падыходзім да Ксеніі і яе маці.

Еўрарадыё: Ці быў гвалт у дачыненні да вашай дачкі?

Маці пацярпелай: “Ніякага гвалту, нічога не было. Усё, адвяньце”.

Еўрарадыё: Вы згодныя з прысудам?

Маці пацярпелай: “Не”.

Еўрарадыё: Ці быў на вас ціск цягам следства?

Маці пацярпелай: “Я, па-мойму, рускай мовай сказала, адчапіцеся”. 

Ксенія Г. (у цэнтры кадра) не пабаялася прыйсці на абвяшчэнне прысуду. Калі зачыталі прысуд, Канстанцін з ёй пяшчотна развітаўся. 

Калі яшчэ справу толькі-толькі накіравалі ў суд, Еўрарадыё атрымала з акаўнта Ксеніі Г. у сацыяльных сетках наступнае паведамленне, датычнае SMS-мінёра:

“Ты не разумееш, наколькі я з іх дапамогай утаптала яго ў бруд. Тут яму ніхто, мне здаецца, не дапаможа”.

На гэта Еўрарадыё прапанавала сказаць у судзе ўсю праўду, тады суразмоўца адказала:

“А калі потым на мяне справу завядуць, нібыта я дала загадзя лжывыя паказанні?”

Вырваным з кантэксту можа быць і распаўсюджаны Следчым камітэтам тэкст sms-паведамлення. Як даведалася Еўрарадыё, у дзень здарэння Сіманаў набыў гантэлі, і яго праверылі металашукальнікам на ўваходзе ў метро. Магчыма, гэтая прыгода і паўплывала на мужчыну, каб ён склаў жартаўлівую эсэмэску. Следчыя органы на пытанне пра вырваную з кантэксту фразу нічога не патлумачылі. Не казалі пра гэта і падчас абвяшчэння судовага прысуду.

Першапачаткова справа SMS-мінёра выглядала як трыумф праваахоўных органаў. Пры гэтым з самага пачатку Сіманава выставілі чалавекам, які мае праблемы з алкаголем і з’яўляецца дрэнным бацькам. Аднак на справе гэта інфармацыя не пацвердзілася. 

Падрабязнасці наконт дэманстрацыі парнаграфіі таксама ніхто не патлумачыў. Толькі сябар Сіманава выказаў здагадку, што ў яго на тэлефоне “як і ў любога іншага мужыка, былі голыя ж...пы”. А ў судзе паведамілі пра канфіскацыю DVD-дыска “Эратычная калекцыя”.

Нягледзячы на шматлікія пытанні, транспартнай пракуратуры хапіла ўсяго пары дзён, каб праверыць прафесійнасць і аб’ектыўнасць следчых органаў. А судовы працэс зрабілі закрытым. Пра падрабязнасці следства ніхто не даведаўся, на пастаўленыя Еўрарадыё пытанні ніхто не адказаў.

“Я з прысудам цалкам нязгодны. Мая пазіцыя цалкам салідарная з маім падабаронным, ― дыпламатычна каментуе рашэнне суда Дзмітрый Гарачка, адвакат Канстанціна Сіманава. ― Усё астатняе я не магу каментаваць, бо гэта былі закрытыя судовыя пасяджэнні. Не ўсё так адназначна, як гэта прагучала ў рэзалютыўнай частцы прысуду. Таму будзем абскарджваць, апеляваць да вышэйстаячага суда. Я спадзяюся, што там будзе дадзеная аб’ектыўная ацэнка і нашым довадам, і тым доказам, якія абарона прадставіла ў судовае пасяджэнне. А я лічу, што яны дастаткова важкія”.

Адзінае паслабленне, якое атрымаў абвінавачаны, гэта тое, што ў судзе не разглядалі магчымасць выплаты “Мінсктрансу” 234 мільёнаў рублёў, якія Сіманаву раней выставілі. Ён павінен будзе сплаціць на карысць міліцыі, Мінсктранса і дзяржавы каля 90 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі