Суд над SMS-мінёрам, якому інкрымінуюць і згвалтаванне, будзе закрытым
У абвінавачанне Сіманаву дадалі “згвалтаванне” і “разбэшчванне малалетняй”. Тым часам ахвяра прызналася, што ёй “дапамаглі ўтаптаць яго ў бруд”.
Судзіць Канстанціна Сіманава, які няўдала напісаў SMS у метрапалітэне, пачнуць 15-га верасня.
“Звяртаю ўвагу на тое, што слуханні пройдуць у закрытым рэжыме”, ― паведамляе прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.
Нагадаем, што адначасова надзвычайнае і камічнае здарэнне паралізавала мінскую падземку у канцы лютага. Студэнтка пабачыла, як мужчына піша ў сваім смартфоне тэкст “у мяне бомба я ў метро дзе ўзарваць код актывацыі падкажы””. Хоць гэта можа быць і не ўвесь тэкст. Як стала вядома Еўрарадыё, у гэты дзень Сіманаў купіў гантэлі, яго праверылі металашукальнікам на ўваходзе ў метро. Праз гэта sms-мінёр і пачаў пісаць паведамленне сваёй суседцы Ксеніі Г. Ці вырваны тэкст гэтай SMS з кантэксту ― пакуль невядома.
Далей жарты скончыліся. Сіманава абвінавацілі ў “загадзя лжывым паведамленні пра небяспеку”. А па завяршэнні следства паведамілі, што ў адносінах да sms-мінёра распачалі яшчэ і крымінальныя справы па артыкулах “Згвалтаванне”, “Сексуальныя дзеянні з непаўнагадовай” і “Дэманстрацыя парнаграфіі”.
Як стала вядома Еўрарадыё, галоўная сведка па справе тая самая Ксенія Г. ― суседка Сіманава. Сёння ёй 17 год. Аказалася, што дзяўчына і пасля завяршэння следства захоўвала на сваёй старонцы фотаздымкі Сіманава і яго дзяцей. Сваякі sms-мінёра лічаць, што справу супраць яго сфабрыкавалі. А з акаўнта ў сацыяльных сетках галоўнай сведкі Ксеніі Г. журналіст Еўрарадыё атрымаў паведамленні:
“Ты не ўяўляеш, наколькі я з іх дапамогай утаптала яго ў бруд”.