Мінскаму “SMS-мінёру” прысудзілі выплаціць яшчэ 234 мільёны рублёў
Атрымаўшы 9 гадоў калоніі, мужчына ўжо 7 месяцаў не можа абскардзіць прысуд, бо пасля выплаты першай кампенсацыі ў яго сям'і не засталося грошай.
Касацыйная скарга на прысуд па нашумелай справе “SMS-мінёра” за 7 апошніх месяцаў так і не дайшла да Вярхоўнага суда. Хоць і сам асуджаны Канстанцін Сіманаў, і яго блізкія не згодныя з жорсткім пакараннем. Проста, на паслугі адваката і на аплату дзяржпошлін ужо няма грошай.
Як справа “SMS-мінёра” прагрымела на ўсю краіну
26 лютага 2014 года мінскі метрапалітэн спынілі на 182 хвіліны.
Аказалася, што пільная студэнтка БДУ зазірнула ў смартфон мужчыны і ўбачыла там паведамленне пра бомбу. Пасля дзяўчына выйшла з вагона і кінулася да аховы метрапалітэна.
Раім пачытаць: “Мне нават здалося, што ён хоча, каб я пабачыла SMS пра бомбу ў метро”
У хуткім часе “SMS-мінёра”, які нічога ўзрываць не збіраўся, затрымалі. Высветлілася, што перапалох учыніў 35 гадовы ўраджэнец Казахстана Канстанцін Сіманаў. У SMS мужчына па нейкіх прычынах напісаў “У мяне бомба я ў метро дзе ўзарваць код актывацыі падкажы”. Ведаў бы Сіманаў, у што выльецца яго няўдалы жарт, які ён дасылаў сваёй дзяўчыне!
Мужчыну абвінавацілі не толькі ў “заведама лжывым паведамленні аб небяспецы”, але і ў “згвалтаванні”, “дзеяннях сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў”, у “дэманстрацыі парнаграфіі”. І асудзілі на дзевяць гадоў калоніі.
Апроч крымінальнага тэрміну, Сіманава абцяжарылі разнастайнымі кампенсацыямі — у бюджэт міліцыі і “Мінсктрансу”.
Больш за 82 мільёны рублёў ужо сплачана (дапамаглі сваякі Сіманава з Казахстана). Меркавалася, што на гэтым усё. Але ў канцы траўня суд Смалявіцкага раёна абавязаў “SMS-мінёра” кампенсаваць грошы яшчэ і Мінскаму метрапалітэну — 234 мільёны рублёў так званай страчанай выгады. Ні сам Сіманаў, ні яго блізкія пра суд не ведалі. Іх інтарэсы там ніхто не абараняў.
Асноўны фінансавы цяжар лёг на сям’ю роднай сястры асуджанага. Яны, дарэчы, ужо ўзялі на выхаванне дваіх дзяцей “SMS-мінёра” і ўсемярых жывуць прыкладна на 10 мільёнаў рублёў у месяц.
“Я па-ранейшаму працую на трактарным заводзе. Жонка працаваць не можа. Яна ўвесь час ці ля пліты стаіць, ці ля мыйнай машыны. Усё, што мы можам прадаць, гэта просценькі “Опель”, без якога абыходзіцца не можам. Грошай ужо няма не тое, што на выплату гэтых 234 мільёнаў, але і на паслугі адваката”, — тлумачыць складаную фінансавую сітуацыю Аляксандр, муж роднай сястры Канстанціна Сіманава.
Цікава, што канфіскаваную маёмасць асуджанага ацанілі ўсяго ў 1,9 мільёна рублёў. А гэта смартфон, з якога мужчына адпраўляў злашчасную SMS, два амаль новыя ноўтбукі Sony Vaio, планшэт Lenovо і іншыя больш танныя гаджэты. Калі паглядзець аб’явы ў інтэрнэце, то гэтых 1,9 мільёнаў не хопіць, каб набыць хаця б адзін ноўтбук з усёй пералічанай тэхнікі. Хто сёння карыстаецца гаджэтамі Сіманава — невядома.
Усю канфіскаваную ў асуджанага маёмасць ацанілі менш як у 200$ (калаж зроблены з прыкладаў тых прыладаў, якімі валодаў Сіманаў)
Жорсткі прысуд, з якім не згодная нават “пацярпелая”
Еўрарадыё правяло ўласнае журналісцкае расследаванне, цягам якога ўдалося выйсці на Ксенію Г. — суседку Сіманава (на момант суда ёй было 17). Менавіта гэтай дзяўчыне ён перасылаў крамольнае SMS. Менавіта яна праходзіла па справе як адзіная пацярпелая ў эпізодах, звязаных з сексуальным гвалтам.
Раім пачытаць: Ці быў ціск на галоўную сведку падчас следства?
Следчыя знялі з канапы ў доме Сіманава абшыўку. Нейкім чынам спрабавалі знайсці на тканіне сляды сексуальных дзеянняў амаль двухгадовай даўніны. Пабачылі ў пакоі “SMS-мінёра” і дыск “Эратычная калекцыя”, які ў многім стаў падставай абвінавачваць яго ў дэманстрацыі парнаграфіі.
Але высветлілася, што падчас следства Ксенія працягвала захоўваць на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фотаздымкі Канстанціна і яго дзяцей. Гэта, здавалася б, не надта падобна на стаўленне ахвяры да гвалтаўніка.
Сустракацца з Еўрарадыё Ксенія не жадала. Але аднойчы з яе старонкі ў сацыяльных сетках прыйшло наступнае паведамленне:
“Ты не разумееш, наколькі я з іх дапамогай утаптала яго ў бруд. Тут яму ніхто, мне здаецца, не дапаможа”.
Ксенія мела рацыю. Нават калі падчас закрытага суда яна адмовілася ад усіх ранейшых паказанняў і патлумачыла, што агаварыла Сіманава, гэта ніяк не паўплывала на горкі лёс абвінавачанага. Далі ўсё адно па максімуме. Словаў пільнай студэнткі, якой “нават здалося, што ён хоча, каб я пабачыла SMS пра бомбу ў метро”, відаць, хапіла, каб абвінаваціць Сіманава ў заведама лжывым паведамленні пра небяспеку.
Версія: чаму SMS-мінёр мог напісаць у метро недарэчнае паведамленне?
У падлеткавым узросце Сіманаў стаяў на ўліку ў псіхіятра. Было гэта яшчэ ў Карагандзе.
“Калі сына выклікалі ў ваенкамат, то адтуль яго адправілі ў бальніцу. І ў войска яго не ўзялі. Паставілі нейкую ступень прыдуркаватасці”, — сцвярджае сёння Міхаіл Сіманаў, бацька SMS-мінёра.
Увага на псіхічных праблемах абвінавачанага акцэнтавалася падчас суда, але гэта не ўлічылі. Як стала вядома Еўрарадыё, кампетэнтныя медыцынскія ўстановы Казахстана таксама пацвердзілі, што Сіманаў стаяў на ўліку ў псіхіятра і мае псіхічныя адхіленні. Што праўда, праблемы гэтыя не настолькі сур'ёзныя, каб сёння замест калоніі адпраўляць чалавека на лячэнне ў псіхіятрычную клініку.
Аднак з-за згаданых праблем Сіманаў у момант напісання SMS мог кіравацца зусім іншымі матывамі, чым абсалютна здаровы чалавек. Гэты аргумент на суддзю не паўплываў.
Бацькі асуджанага у нармальных адносінах з сям’ёй пацярпелай
Жыццё Ксеніі Г. пасля асуджэння SMS-мінёра моцна змянілася. Яна вучыцца ў адным з каледжаў Віцебшчыны і, мяркуючы па запісах у сацсетцы, сустракаецца з хлопцам — амаль равеснікам. Нягледзячы на тое, што падчас суда Ксенія была “пацярпелай”, сваякі Канстанціна Сіманава не трымаюць на яе зла.
Дамы, дзе жылі Канстанцін і Ксенія стаяць поруч
“Ды нармальна мы з імі камунікуем. То сякеру трэба яе маці натачыць, то рыдлёўку. То маці прыйдзе да нас, градкі пакапае, чаго-небудзь насадзіць. Бачыш — плот паламаны. Гэта каб наўпрост да іх хадзіць”, — так апісвае адносіны з суседзямі бацька SMS-мінёра.
Канстанцін Сіманаў яшчэ мае законныя магчымасці абскардзіць прысуд. Справа “SMS-мінёра” замест таго, каб праілюстраваць трыумф беларускіх праваахоўных органаў, у многіх выклікала неразуменне. Да таго ж, на пытанні, якія паставілі журналісты, ніхто так і не даў адказу.
Фота TUT.BY, prodano.by, irr.by