Сваякі “SMS-мінёра”: Чалавек, не зрабіўшы страшнага, атрымаў як забойца

Касацыйная скарга па справе “SMS-мінёра” ціха разглядалася ў Мінскім гарадскім судзе ў пятніцу, 28 лістапада. Журналістаў, як і чакалася, на пасяджэнне не пусцілі. Нагадаем, што жыхару Смалявічаў Канстанціну Сіманаву далі 9 гадоў пазбаўлення волі, пасля таго як ён напісаў у метро правакацыйнае SMS пра бомбу. У смартфон абвінавачанага зазірнула пільная студэнтка, выйшла з вагона і паведаміла людзям у пагонах пра тэкст “У мяне бомба я ў метро дзе ўзарваць код актывацыі падкажы”.

Сіманава вылічылі па камерах і затрымалі. Інфармацыя пра гармідар у метро разышлася па тэлеканалах і іншых СМІ. Але эсэмэска, якую Сіманаў пісаў сяброўцы, аказалася жартаўлівай. Тым не менш тэрмін за “заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку” яму далі. А сукупныя 9 гадоў склалі яшчэ і з іншых абвінавачванняў: “Згвалтаванне” , “Дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў” і “Дэманстрацыя парнаграфіі малалетняй”.

“Увесь ранейшы прысуд пакінулі ў сіле, — паведамляе адвакат Дзмітрый Гарачка пра разгляд касацыйнай скаргі ў Мінгарсудзе. — Прынамсі я маю намер абскарджваць гэта да самага Вярхоўнага суда. Скажам так, ёсць падставы каб змяніць гэты прысуд”.

Падставы для абскарджання — гэта мякка сказана. Калі сёлета ўлетку Еўрарадыё пачало цікавіцца справай “SMS-мінёра”, на паверхню ўсплылі нечаканыя факты. Пацярпелай аказалася дзяўчына, якая дапамагала Сіманаву глядзець яго дзяцей. Сёння ёй 17. 

Яшчэ перад судом выявілася, што дзяўчына захоўвае ў сацсетках шмат фотаздымкаў Канстанціна і яго дзяцей. Непадобна да адносінаў гвалтаўніка і ахвяры! Іх стасункі развіваліся на вачах у маці Ксеніі, ведалі пра гэта і кампетэнтныя работнікі ад адукацыі. У Смалявічах усе ў адзін голас сцвярджалі, што пра гвалт гутаркі не вялося. На здзіўленне, у Смалявічах усе, хто ведаў Сіманава і Ксенію, характарызавалі абвінавачанага станоўча. Не пацвердзілася і інфармацыя пра тое, што Канстанцін нібыта з’яўляецца алкаголікам.

З акаўнта ў сацыяльных сетках, падпісанага пацярпелай, Еўрарадыё атрымала паведамленні, якія маглі сведчыць пра ціск на дзяўчыну падчас следства, маўляў, не дасі паказанні — пойдзеш як саўдзельніца.

Ці быў ціск на галоўную сведку па справе "SMS-мінёра"?

А ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пасля агалошвання прысуду маці пацярпелай публічна заявіла Еўрарадыё, што “ніякага гвалту не было” і яна не згодная з прысудам". Тым не менш Канстанцін атрымаў унушальны тэрмін.  

Касацыйная скарга ў Мінгарсуд складала каля 15 аркушаў. Але казаць пра падрабязнасці адвакат Дзмітрый гарачка не можа праз закрыты характар крымінальнай справы. Нельга разгалошваць нават інфармацыю пра тое, колькі эсэмэсак Сіманаў адправіў сваёй сяброўцы. Блізкім ён паведаміў, што ў дзень здарэння яго сумку праверылі на ўваходзе ў метро, і з гэтай прычыны ён пачаў страчыць сяброўцы жартаўлівыя эсэмэскі. То бок прадстаўлены журналістам тэкст можа быць вырваным з кантэксту. Але абсалютна ўсе факты, усе спосабы доказаў, якімі скарыстаўся следчы, трымаюць за жорсткай заслонай таямніцы, спасылаючыся на няпоўнагадовасць пацярпелай.  

Дваіх маленькіх дзяцей асуджанага ўзялі на выхаванне блізкія, якіх беды не абыходзяць бокам. У Аляксандра, мужа роднай сястры Канстанціна Сіманава, цягам года памерлі маці і бацька. 

“А так дзеці з намі, з імі ўсё добра. Што да Канстанціна, то ўсё адно будзем спадзявацца на лепшае, — рэагуе на рашэнне Мінгарсуда Аляксандр. — Хто ведае пра акалічнасці гэтай справы, разумее, што, па вялікім рахунку, чалавек, практычна нічога страшнага не зрабіўшы, атрымаў тэрмін як за забойства…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі