Social Weekend: ідзе прыём заявак на трэці конкурс сацыяльных праектаў

Даслаць прэзентацыю ідэі, якая мусіць змяніць свет да лепшага, на Social Weekend можна да 6 сакавіка ўключна. Праекты мусяць мець дачыненне да адукацыі, культуры, дабрачыннасці, аховы здароўя ці іншых сацыяльна важных сфер. Лепшыя ідэі атрымаюць гранты на суму больш за $10 000.



У двух папярэдніх "сацыяльных тыднях" паўдзельнічала ўжо больш за 200 ініцыятываў. Больш за 20 з іх прайшлі адбор і атрымалі фінансаванне. Частка з іх ужо добра вядомая беларусам: пошукава-выратавальны атрад "Ангел", дабрачынная крама KaliLaska, прытулак для жывёлаў "ЗооШанс", праект "Велокухня", фэст беларускай культуры "Багач", астатнія рыхтуюцца да выхаду на публіку. На мінулым Social Weekend Еўрарадыё таксама ўручыла свой прыз: 5 дабрачынных праектаў атрымалі нашу інфармацыйную падтрымку.



Конкурс пройдзе ў чатыры этапы: прыём заявак (17 лютага — 6 сакавіка), сацыяльнае галасаванне (13 — 18 сакавіка), сустрэчы аўтараў праектаў з экспертамі (28 — 29 сакавіка) і фінальнае мерапрыемства 6 красавіка.



Журы конкурсу будзе складацца з Юрыя Зісера (заснавальніка і суўладальніка TUT.BY), Аляксандра Скрабоўскага (кіраўніка StartIdea.by), Ірыны Карзюк (кіраўніцы групы карпаратыўных камунікацый velcom), Віталя Дзянісанкава (дырэктар і адзін з заснавальнікаў "Студыі Баравога"), Уладзіміра Карагіна (старшыні ГА "Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў"), Алесі Бугаевай (дырэктара MaeSens.by) і іншых.



Удзел у конкурсе бясплатны.



Таксама Social Weekend запрашае да ўдзелу партнёраў і грантадаўцаў. Азнаёміцца з адпаведнай інфармацыяй можна на сайце конкурсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі