Спіс лекаў, цэны на якія рэгулюе Мінздароўя, скарацілі
Спіс лекаў, цэны на якія рэгулюе Міністэрства аховы здароўя, скарацілі. Адпаведная пастанова Саўміна апублікаваная сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Гаворка ідзе пра лекі беларускай вытворчасці. Раней у спісе было 35 пазіцый. Цяпер з яго выключылі растворы для ін'екцый атрапіну і аміядарону, а таксама таблеткі індапаміду, прапраналолу, кланідзіну, гідрахлортыязіду, атэналолу і метапралолу.
Цяпер кантраляваны спіс складаюць 27 лекаў. У іх ліку стрэптаміцын, марфін, фенабарбітал, галаперыдол ды іншыя.
Напрыканцы лютага пастановай урада быў абмежаваны рост коштаў на некаторыя лекі. Тады пад абмежаванні трапілі 50 прэпаратаў — у тым ліку анальгін, дыклафенак, нафазолін, парацэтамол, цытрамон ды іншыя. Вытворцам, пастаўшчыкам і аптэкам з сакавіка дазволена павышаць кошты на гэтыя лекі не больш чым на 0,2% у месяц. З 1 студзеня дзяржава павысіла ПДВ на лекі і медвырабы, пасля чаго рознічныя кошты адразу павялічыліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.