Стала вядома, хто здаў сілавікам жанчыну, якая падпявала ўкраінскай песні
Пётр "Syper_zhorik" / "Белсат"
Журналісты "Белсата" высветлілі, хто здаў сілавікам жыхарку Іванава, затрыманую за тое, што падпявала ўкраінскай песні.
Відэа са спевамі, запісанае пад вокнамі кватэры, выклаў карыстальнік пад нікам Syper_zhorik. Ён называецца Пятром і жыхаром Іванава. У 2014 годзе малады чалавек скончыў школу.
Амаль усе яго відэа не набіраюць і тысячы праглядаў. Відэа, запісанае пад вокнамі жыхаркі Іванава, прынесла Пятру амаль 34 тысячы праглядаў і больш за 300 каментароў.
У адным з каментароў Пётр напісаў: "З імі нельга цырымоніцца. Яны жывуць на нашай зямлі і абражаюць нашых братоў-расіян. Гэта падобна на тое, калі б да вас прыйшлі ў дом, абразілі родных". Варта падкрэсліць, што насамрэч жанчына ні да кога ў госці не прыходзіла, а была ў сябе дома.
19 ліпеня Пётр напісаў, што звярнуўся ў міліцыю, але безвынікова: "Звярнуўся, яны ў гэтым прамога парушэння закону не ўбачылі".
Мяркуючы па ўсім, сваіх высілкаў ён не кінуў, і ўрэшце жанчыну затрымалі. Як распавядала Еўрарадыё, відэа з 44-гадовай жыхаркай Іванава з'явілася ў канале сілавікоў. Яе прымусілі спяваць гімн Беларусі, а потым аддалі пад суд, які прызначыў жанчыне арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.