Стала вядома, як літоўцаў завербавалі шпіёніць для рэжыму Лукашэнкі
![Элегіюс Паўлавічус](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-03/paulaviczus-0703.jpg.webp?itok=Vmk0sqFK)
Элегіюс Паўлавічус / ELTA
Літоўцы, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць спецслужбаў Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, завербавалі падчас паездак у Беларусь. Пра гэта заяўляе кіраўнік Другога дэпартамента аператыўных службаў (ДДАС) палкоўнік Элегіюс Паўлавічус, піша DELFI.
"Верагодна, іх завербавалі падчас паездак у Беларусь", — кажа Паўлавічус.
Падазраюць, што гэтыя грамадзяне перадавалі спецслужбам Лукашэнкі незасакрэчаную інфармацыю пра літоўскае войска, добраахвотніцкія сілы, перамяшчэнні вайсковай тэхнікі і месцы яе размяшчэння, грамадзянскія аб'екты стратэгічнага значэння і г.д. Доступу да сакрэтнай інфармацыі яны не мелі.
Пра затрыманне шпіёнаў стала вядома 7 сакавіка. Паведамлялася, што напрыканцы 2023 года некалькі грамадзян Літвы былі затрыманыя за шпіянаж на карысць рэжыму Лукашэнкі.
"Неабавязкова грамадзяне Беларусі, грамадзяне Літвы таксама могуць працаваць на замежныя спецслужбы", — дадае Паўлавічус.
Кіраўнік Дэпартаменту дзяржбяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс заяўляе, што ў спецслужбы звяртаецца ўсё больш літоўцаў з расповедамі пра спробы вярбоўкі: "Людзі не хаваюць, прыходзяць і распавядаюць. Не назаву колькасць, але такіх выпадкаў нямала". ДДБ рэкамендаваў жыхарам Літвы адмовіцца ад паездак у Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.