Стала вядома, за што завялі справу на брэсцкага актывіста Дзмітрыя Бекалюка
Дзмітрый Бекалюк / TUT.BY
Крымінальную справу супраць Дзмітрыя Бекалюка распачалі па ч. 2 арт. 380 КК РБ "Падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў", паведамляе "Брэсцкая газета".
Бекалюк — адзін з лідараў руху супраць акумулятарнага завода ў Берасці (АКБ). У аўторак ўвечары да яго дадому прыйшлі з ператрусам.
Бекалюка падазраюць у тым, што ён нібыта падрабляў камандзіровачныя пасведчанні, каб не сядзець на карантыне. Яго праца цяпер звязаная з частымі паездкамі за мяжу. Актывіст распавёў журналістам аб праверцы, якую пракуратура праводзіць з сакавіка — вывучаюцца факты выкарыстання грамадзянамі фіктыўных камандзіровачных пасведчанняў. У рамках гэтай праверкі да яго ўжо прыходзілі з аглядам. Забралі ноўтбук, афіцыйныя камандзіровачныя і загады.
Акрамя таго, у пачатку красавіка пасля вяртання з чарговай камандзіроўкі ён хадзіў на размову ў пракуратуру.
"Пыталіся, чаму я так часта езджу за мяжу. Я адказваў, што працую, працую афіцыйна, плачу падаткі", – распавёў Бекалюк.
Калі да яго на гэтым тыдні прыйшлі з ператрусам, дома былі жонка з дзецьмі. Сам Бекалюк у цяперашні час знаходзіцца ў бальніцы. Са следчым ён гутарыў па тэлефоне.
"Ён мне сказаў, што па прадстаўленні пракуратуры ў дачыненні да мяне ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 380. Справу завялі толькі на мяне", — распавёў актывіст
Ён мяркуе, што такім чынам на яго спрабуюць аказаць ціск "як на чалавека, які тры гады прысвяціў барацьбе з акумулятарным заводам".
"Хочуць ці пасадзіць, або зрабіць маё жыццё невыносным, каб я з'ехаў за мяжу, выціснуць з краіны", — мяркуе Дзмітрый Бекалюк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.