Станіслава Шушкевіча выпісалі з лякарні
27 красавіка Станіслава Шушкевіча выпісалі з лякарні. Пра гэта "Народнай Волі" расказала Ірына — жонка экс-старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі.
"Муж яшчэ даволі слабы, як кажуць, ляжачы хворы. Зараз яму патрэбна сацыяльная рэабілітацыя. Хаця, безумоўна, пасля бальніцы яго стан палепшыўся", — распавядае жанчына.
Як распавядала Еўрарадыё, палітыка шпіталізавалі пасля перанесенага кавіду і паклалі ў рэанімацыю.
"Напрыканцы лютага захварэў на каранавірус. Была тэмпература, прыйшоў ўрач. Пазней стала горш, выклікалі “Хуткую”, забралі ў бальніцу.
Затым муж вярнуўся дадому, а прыкладна тыдзень таму ізноў стаў дрэнна сябе адчуваць — тэмпература, вялікая слабасць, нічога не еў. І ў мінулы панядзелак я вырашыла ізноў выклікаць “Хуткую”. Адразу паклалі ў рэанімацыю, хаця не падключалі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх", — дзеліцца падрабязнасцямі жонка Шушкевіча.
Лячылі палітыка ў так званай "лечкамісіі" — Рэспубліканскім клінічным медцэнтры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.