Станіслаў Шушкевіч трапіў у рэанімацыю
Станіслаў Шушкевіч / Еўрарадыё
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч трапіў у рэанімацыю. Пра гэта паведамляюць СМІ са спасылкай на яго жонку Ірыну.
Яго стан пагоршыўся пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі. Каля месяца таму ў палітыка выявілі "амікрон". Хоць, паводле слоў жонкі, у апошнія месяцы Станіслаў Станіслававіч нікуды не выходзіў з кватэры, а яго кантакты былі зведзеныя да мінімуму.
Шушкевіча паклалі ў рэанімацыю Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра — гэта так званая лечкамісія.
Станіславу Станіслававічу цяпер 87 гадоў. У 1991-94 гг. ён узначальваў Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання. Як кіраўнік рэспублікі падпісваў разам з прэм'ер-міністрам Вячаславам Кебічам Белавежскія пагадненні, якія паклалі канец існаванню СССР. Удзельнічаў у першых прэзідэнцкіх выбарах, заняў чацвёртае месца пасля Аляксандра Лукашэнкі, Кебіча і лідара БНФ Зянона Пазняка. У першым туры за яго прагаласавала каля 10% выбаршчыкаў, пры гэтым у Мінску ён быў на другім месцы паводле колькасці галасоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.