На магіле Станіслава Шушкевіча ўсталявалі помнік

Помнік на магіле Станіслава Шушкевіча

Помнік на магіле Станіслава Шушкевіча / svaboda.org

На магіле Станіслава Шушкевіча ўсталявалі помнік. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь памёр на 88-м годзе жыцця 3 траўня 2022-га і пахаваны на Паўночных могілках Мінска. Як паведамляе Радыё Свабода, помнік з'явіўся сёлета. Яго ўсталявалі родныя Шушкевіча.

Станіслаў Шушкевіч — сын рэпрэсаванага беларускага пісьменніка, вядомы беларускі навуковец. Быў народным дэпутатам СССР (з 1989-га), народным дэпутатам БССР (з 1990 года), яго абралі 1-м намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Пасля жнівеньскага путчу 1991-га ўзначаліў беларускі парламент. Шушкевіч быў адным з удзельнікаў Белавежскіх пагадненняў, якія ў снежні 1991 года пахавалі Савецкі Саюз. З пасады старшыні Вярхоўнага Савета быў зняты ў пачатку 1994-га. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, але ў другі тур не выйшаў. У 1995 годзе быў зноў абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі, уваходзіў у склад фракцыі "Грамадзянскае дзеянне". Восенню 1996-га падпісваў заяву ў Канстытуцыйны суд аб імпічменце Аляксандра Лукашэнкі.

Доўгі час Станіслаў Шушкевіч узначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду (з 2018-га быў яе ганаровым старшынёй), якую ў РБ ужо ліквідавалі (як і ўсе астатнія апазіцыйныя партыі). Ён смела крытыкаваў палітыку Лукашэнкі.

У красавіку 2022-га стан здароўя Шушкевіча пагоршыўся пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, нейкі час ён быў у рэанімацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі