Памёр Станіслаў Шушкевіч

Памёр Станіслаў Шушкевіч

У ноч з 3 на 4 траўня ў Мінску памёр Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла яго жонка Ірына. Шушкевічу было 87 гадоў.

Станіслаў Шушкевіч — сын рэпрэсаванага беларускага пісьменніка. Вядомы беларускі навуковец. Быў народным дэпутатам СССР (з 1989-га), народным дэпутатам БССР (з 1990-га), быў абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Пасля жнівеньскага путчу 1991-га ачоліў беларускі парламент. Станіслаў Шушкевіч быў адным з удзельнікаў Белавежскіх пагадненняў, якія ў снежні 1991 года пахавалі СССР. З пасады старшыні Вярхоўнага Савета быў зняты ў пачатку 1994-га. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, але ў другі тур не выйшаў. У 1995 годзе быў зноў абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі, уваходзіў у склад фракцыі "Грамадзянскае дзеянне". Восенню 1996-га падпісваў заяву ў Канстытуцыйны суд аб імпічменце Аляксандра Лукашэнкі. У Палату прадстаўнікоў уваходзіць адмовіўся, далей удзельнічаў у дзейнасці Вярхоўнага Савета, паўнамоцтвы якога скончыліся ў 2001-м.

Доўгі час ачольваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду (з 2018-га — ганаровы старшыня). Смела крытыкаваў палітыку Лукашэнкі.

У красавіку сёлета стан здароўя Шушкевіча пагоршыўся пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, нейкі час ён быў у рэанімацыі.

Еўрарадыё выказвае спачуванні сваякам і сябрам Станіслава Станіслававіча. І ўсім, для каго ён доўгія гады заставаўся маральным аўтарытэтам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі