Старая схема падману не працуе — Шушкевіч пра тое, навошта ўладам рэферэндум
Станіслаў Шушкевіч / Еўрарадыё
Беларускія ўлады рашыліся змяніць Канстытуцыю, таму што старая схема падману людзей не працуе. Гэта зрабілася відавочным пасля выбараў 2020 года, калі сотні тысяч чалавек выйшлі пратэставаць супраць несправядлівых выбараў, заявіў старшыня Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю "Народнай Волі".
"Але для мяне відавочна, што ніякіх змен у бок дэмакратыі ў краіне не будзе. Гэта адназначна", — сказаў ён.
Прыняцце новай Канстытуцыі, на яго погляд, будзе азначаць вяртанне ў савецкія часы.
"Што гэта за Усебеларускі народны сход? Хто будзе абіраць дэлегатаў на гэты сход? Народам будуць прыкрывацца, а насамрэч кандыдатуры будуць зацвярджацца ў іншых кабінетах. У савецкія часы ўсё вырашала партыя і яе лідэры, і зараз фактычна будзе тое ж самае", — патлумачыў свой пункт гледжання Станіслаў Шушкевіч.
Аптымальным варыянтам развіцця падзей, на яго погляд, было б спачатку правесці новыя сумленныя выбары прэзідэнта. А пасля гэтага парламент мог бы абмеркаваць змены ў Асноўны закон. Праект дакумента, які дэпутаты ўхваляць, пасля і можна будзе вынесці на рефрендум.
"Але ў нас усё перавярнулі з ног на галаву. Такі і вынік будзе", — адзначыў Станіслаў Шушкевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.