Студэнта, які першым у Беларусі захварэў на каранавірус, выпісалі з лякарні
12 сакавіка з Мінскай інфекцыйнай лякарні выпісалі студэнта БНТУ — іранца Парсу. Ён быў першым у Беларусі чалавекам, у якога дыягнаставалі каранавірус.
Як піша TUT.by, цяпер хлопец знаходзіцца ў інтэрнаце, пачуваецца выдатна, плануе ў панядзелак ісці на заняткі.
Шпіталізавалі іранца ўвечары 27 лютага. Адначасова ў лякарню паклалі яго дзяўчыну і яе бацькоў. Парса за некалькі дзён да таго вярнуўся з Ірана, дзе ён наведваў сваю сям'ю.
Падчас лячэння хлопец актыўна кантактаваў у сацсетках, расказваў, што пачуваецца нармальна, тэмпература ў яго была невялікая. Кожны дзень у сацсеткі яму пісалі прыкладна па 150 чалавек. Не абыходзілася, што праўда, і без гадасцяў з боку некаторых. "Шмат хто лаяўся, пісаў дрэнныя словы. Але я разумею: людзі баяцца", — распавядае іранец.
Цяпер хлопец троху перажывае, што яго дзяўчыну Паліну і яе бацькоў яшчэ не выпісалі. "Пабачыліся з ёй праз акно, памахалі адзін аднаму. Сапраўды, не хацеў сыходзіць: было складана без іх выйсці з лякарні. Усё-ткі нас забіралі туды разам. Спадзяюся, заўтра іх выпішуць. Ці калі не заўтра, то ў бліжэйшыя дні", — кажа Парса.
Беларускіх медыкаў хлопец хваліць: "На сваім прыкладзе я ўбачыў, што краіна была гатовая да каранавіруса. Калі мяне забралі, на працягу сутак ці двух ўзялі пад назіранне яшчэ каля 270 чалавек. Гэта шмат. Для гэтага патрэбныя спецыялісты, машыны, месцы. І гэта ўсё было".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.