Студэнта з Туркменістана выслалі на радзіму за бойку ў Баранавічах

Пра яго высылку на радзіму паведамляе БЕЛТА са спасылкай на начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі АУС адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Брэста Юрыя Бразінскага.



З санкцыі пракурора маладога чалавека пад канвоем даставілі ў Мінск, адкуль 24 снежня планавым рэйсам адправілі на радзіму. На працягу трох гадоў яму забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Супраць яго ўжыты артыкул 30 закона "Пра прававое становішча замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь". Адна з нормаў закону абвяшчае, што замежніку можа быць адмоўлена ў візе, калі яго знаходжанне супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правам і свабодам грамадзян і іншых асобаў.



Як выявілася, малады чалавек ужо неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за парушэнне правіл знаходжання на тэрыторыі нашай краіны. Раней ён быў студэнтам Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, адкуль гэтай восенню перавёўся ў Брэст. У Баранавічах туркменскі юнак збіў дзвюх беларускіх дзяўчат. Ён жа быў і адным з завадатараў снежаньскага канфлікту ў Баранавічах.



Нагадаем, 13 снежня ў райцэнтры адбыўся інцыдэнт паміж замежнымі студэнтамі і мясцовай моладдзю. У выніку бойкі непаўналетні жыхар Баранавічаў атрымаў закрыты пералом левага перадплечча. Па факце бойкі Баранавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу.



Фота — tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі