Студэнты творчых ВНУ пасябравалі супраць палітычнай цэнзуры

Першая сустрэча ўдзельнікаў САМ / фота слухачоў Еўрарадыё​
Першая сустрэча ўдзельнікаў САМ / фота слухачоў Еўрарадыё​

У Беларусі з'явілася Студэнцкае аб'яднанне мастацтва (САМ). Як удалося высветліць Еўрарадыё, навучэнцы творчых ВНУ, якія канкуруюць, надумалі перазнаёміцца, каб дапамагаць адно аднаму развіваць нацыянальную культуру без палітычнай цэнзуры. За тыдзень сюды запісалася не менш за 40 чалавек. Да хлопцаў і дзяўчат далучаюцца таксама студэнты, якіх адлічылі з ВНУ.

"Пытанне пра такое таварыства наспявала даўно, але канкрэтна ў цяперашні момант да яго стварэння падштурхнула палітычная сітуацыя ў Беларусі, — тлумачыць студэнтка факультэта культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКІМ Алена (імя зменена). — На працягу трох месяцаў у нашых універсітэтах праходзілі розныя акцыі. Цяпер гэта трохі сціхла. Старыя метады і формы ўжо не працуюць. Мы вырашылі, што пара аб'ядноўвацца і рабіць нешта прынцыпова новае. На цяперашні момант дзейнасць аб'яднання накіравана на выражэнне з дапамогай культуры нашай грамадзянскай пазіцыі".

Хлопцы і дзяўчаты выступаюць супраць фальсіфікацыі на выбарах, недапушчэння галоснасці ў ВНУ, масавага адлічэння навучэнцаў і выкладчыкаў. Свае думкі яны хочуць выказваць адкрыта і шукаюць аднадумцаў, якія дапамогуць ім праводзіць мерапрыемствы.

Студенты творческих вузов подружились против политической цензуры

"Праблемы ў беларускім мастацтве звязаныя з тым, што яно не павінна быць якім-небудзь, яно ўжо сфармавалася, — працягвае Алена. — Культура заўсёды была як масавая, так і элітарная. Але сёння зусім розная творчасць становіцца зразумелай, бо яна абапіраецца на адчуванні, якія зазнаюць многія з нас, аб'яднаныя агульнай грамадзянскай пазіцыяй. Праўда, падзяліцца гэтай творчасцю не заўсёды атрымліваецца. Многія таленавітыя людзі не могуць развівацца ў нашай краіне, таму што цэнзура проста заціскае любыя спосабы выражэння творчасці".

Як прайшла першая сустрэча і што будзе далей

На мінулым тыдні студэнты сабраліся ўпершыню і запрасілі на сваё пасяджэнне акцёраў Купалаўскага тэатра, якія звольніліся ў жніўні.

Студенты творческих вузов подружились против политической цензуры
Рэжысёр Купалаўскага тэатра Раман Падаляка / Еўрарадыё

"Нас запрасілі на сяброўскую вечарыну, — дзеліцца ўражаннямі рэжысёр Раман Падаляка. — Мы паспявалі, пачыталі вершы, паказалі сцэнкі з розных спектакляў, нейкія нумары з нашых капуснікаў... На жаль, праз эпідэміялагічную сітуацыю там было не так шмат людзей, таму алаверды ад студэнтаў не здарылася. Падрабязнасцяў аб’яднання не ведаю. Але я лічу, што такія суполкі патрэбны, каб студэнты разумелі, што яны не адны, што ў іх шмат агульнага. Нейкая маральная падтрымка адно аднаго".

Раман Падаляка кажа, што, апроч усяго, мастацтва сёння загнанае ў межы анлайну. Некаторыя тэатры спрабуюць працягваць існаванне, але часам на спектаклі гледачоў прыходзіць менш, чым грае акцёраў на сцэне. І гэта адбываецца не толькі праз пандэмію, але і праз тое, што мастацтва не рэагуе на тое, што адбываецца, і не ставіць вострых пытанняў. Маўляў, які сэнс ставіць п’есу, якая не закранае сённяшняга кантэксту?.. Забаўляцца цяпер можна, гледзячы дома серыялы.

Студенты творческих вузов подружились против политической цензуры

"Што да студэнтаў, нельга пераставаць ствараць творчы прадукт, — кажа рэжысёр. — Варта ўдасканальваць сябе як прафесіяналаў, але пры гэтым быць адкрытымі ў першую чаргу перад самімі сабой. Гэта значыць — не падманваць, не здраджваць сабе, не губляць сябе пры розных абставінах. Асабліва ў нашай сістэме. Разумею, яны людзі паднявольныя. Размяркуюць у Купалаўскі — трэба ісці адпрацоўваць ці выплачваць грошы. Але варта захоўваць гонар і годнасць, калі ў цябе ёсць нейкае меркаванне, і па магчымасці трымацца гэтага".

Студенты творческих вузов подружились против политической цензуры

Алена кажа, што студэнты, якія ўступаюць у САМ, цяжкасцяў не баяцца, таму што разумеюць, што яны часовыя.

"Адлічаць — значыць, адлічаць. Не прападзём, — усміхаецца дзяўчына. — Мы ведаем, што разам зможам пераадолець усе. Нам важна самавыяўляцца, каб мастацтва працавала, а не было проста тэорыяй і акадэмічнай навукай".

У найбліжэйшых планах САМ — выстава работ, праз якія мастакі выкажуць сваё самаадчуванне ў культуры ў цяперашні момант.

"Палітызацыя і цэнзура, якія не даюць ствараць, — вось на гэта будзе накіраваная выстава, — тлумачыць Алена. — У далейшым хочам зарэгістраваць арганізацыю і прасоўваць як аб'яднанне культурнай моладзі Беларусі. Мы думаем, што на працягу трох месяцаў зробім нешта грандыёзнае і глабальнае".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі