Стваральнікі крыптавалюты “Талер”: Мы не будзем хавацца!
6 кастрычніка беларусы анансавалі першую ўласную крыптавалюту. “Талер” (так яе назвалі ананімныя распрацоўшчыкі) створаны на тэхналогіі блакчэйн і алгарытме біткойна (SHA-256), то бок з’яўляецца размеркаванай (дэцэнтралізаванай) крыптавалютай, якая не мае адзінаша эмісійнага цэнтра і цэнтралізаванага кіравання.
Пачатковы курс “Талера” — 10 BYN за 1 TLR. Галоўная ідэя новай крыптавалюты — “адвязаць” грошы ад дзяржавы. На думку стваральнікаў “Талера”, для беларускай эканомікі гэта будзе мець толькі станоўчы эфект. Але ці спадабаецца такая “анархія” ўладам?
Стваральнікі “Талера” адказалі Еўрарадыё на самыя надзённыя пытанні.
Стваральнікі крыптавалюты “Талер”: Гэта не законна і не супрацьзаконна
Еўрарадыё: Ваш “Талер” — гэта ўвогуле законна? Якія шансы, што дзяржава спакойна паставіцца да "Талера"?
Стваральнікі “Талера”: Гэта не законна і не супрацьзаконна. Гэта проста ніяк не рэгулюецца законам. Увогуле. Крыптавалюты не маюць у Беларусі аніякага статусу. Мы не выпускаем грошы, мы не з'яўляемся эмітэнтам і мы не праводзім ICO (калі Вы раптам разумееце, пра што гаворка).
Еўрарадыё: Калі ўлічыць такую магчымасць, што на прэзентацыю “Талера” хто-небудзь можа выклікаць міліцыю, а таксама дэклараваную вамі дэцэнтралізацыю валюты, ці не лічыце вы неабходным хаваць свае асобы, ці ўвогуле прэзентаваць "Талер", напрыклад, праз Skype, з іншага месца ці краіны?
Стваральнікі “Талера”: Чаму мы павінны хавацца на сваёй зямлі, у сваёй краіне? Тым больш, што мы не робім нічога супрацьзаконнага. Вы, калі хочаце, можаце хавацца. А нам не трэба.
Еўрарадыё: Калі можна будзе набыць “Талеры”?
Стваральнікі “Талера”: Мы не гандлюем талерамі, таму самі сабе намайніце. І мы не друкуем грошы. Вы зробіце гэта самі, калі маеце хоць нейкае ўяўленне пра крыптавалюты.
Еўрарадыё: Куды вы спяшаецеся? Ёсць верагоднасць, што днямі Лукашэнка падпіша "Дэкрэт пра ПВТ 2.0", які, як можна меркаваць па ўцечках інфармацыі, развяжа рукі ахвочым "выйсці на ICO" і ўвогуле прыхільнікам крыптавалют.
Стваральнікі “Талера”: Таму і спяшаемся, бо па сумный звычцы не чакаем нічога добрага ад дзяржаўнага рэгулявання чаго заўгодна. Дарэчы, на прэзентацыі ў панядзелак, апроч стваральнікаў “Талера”, будуць прысутнічаць незалежныя эксперты, якія адкажуць на ўсе пытанні, у тым ліку і юрыдычныя. Апроч таго, там будзе прадстаўленая Taler WhitePaper — падрабязная дакументацыя па праекце, уключна з яго эканамічным і юрыдычным абгрунтаваннем.
Нацбанк: Заканадаўча крыптавалюты ніяк не ўрэгуляваныя
У Нацбанку Еўрарадыё пацвердзілі, што беларускае заканадаўства не рэагуе крыптавалюты:
“Заканадаўча з гэтым ніяк справы не ідуць, — кажуць у прэс-службе рэгулятара. — Але давайце дачакаемся прэзентацыі. Паслухаем, што распавядуць тыя, хто заяўляе пра выпуск крыптавалюты. [Перад тым, як нешта каментаваць,] хацелася б валодаць больш падрабязнай інфармацыяй”.
Робім выснову: пакуль што стваральнікі “Талера” сапраўды нічога не парушаюць.
“Крыптасекптык” Сяргей Чалы: Такіх “талераў” існуе некалькі соцень
Мы папрасілі незалежнага аналітыка Сяргея Чалага пракаментаваць стварэнне першай беларускай крыптавалюты.
Сяргей Чалы: Сёння толькі лянівы не запускае сваю крыптавалюту. Іх цяпер ужо некалкі соцень, і пытанне ў тым, як не згубіцца на гэтым фоне.
Еўрарадыё: На чым зарабляюць тыя, хто запускае крыптавалюты?
Сяргей Чалы: Як і ў кожным пірамідальным бізнесе, хто быў першым, той і застанецца з плюсе. Сатошы Накамота [меркаваны стваральнік біткоіна. — Еўрарадыё], які сабе першым намайніў хэшаў, я думаю, даўно ўжо папяровы міліярдэр. Бо чаму крыптавалют так шмат? Калі ўкладвацца ў “МММ” ужо позна, побач ствараюцца “Чара”, “Властелина”, “Гермес”, каб апынуцца пры пачатку гэтай справы.
Еўрарадыё: Вы будзеце ўкладвацца? Бо калі так падумаць, у выпадку з “Талерам” якраз цяпер ёсць шанец быць побач з вяршыняй піраміды.
Сяргей Чалы: Натуральна, не. Я ўвогуле супраць гэтай ідэі, а крыптавалюты лічу стымпанкам. Тэхналагічна прасунутыя людзі рэалізуюць састарэлую ідэю з абсалютна ідыёцкім уяўленнем пра тое, што такое грошы. Гэта абсалютная дурасць.