Стывена Хокінга пахавалі паміж магіламі Дарвіна і Ньютана

Стывена Хокінга пахавалі паміж магіламі Дарвіна і Ньютана

Парэшткі астрафізіка і папулярызатара навукі Стывена Хокінга пахавалі сёння У Лондане на тэрыторыі Вестмінстарскага абацтва. З навукоўцам развіталіся яго сябры, сваякі і калегі па навуковай рабоце.

Як перадае Бі-Бі-Сі, пахаванне Хокінга размяшчаецца паміж магіламі Ісаака Ньютана і Чарльза Дарвіна. На магіле навукоўца зрабілі надпіс "Тут ляжыць тое, што было смяротным ў Стывене Хокінгу".

З прамовамі на мемарыяльнай цырымоніі выступілі даўні сябар і калега Хокінга астрафізік Кіп Торн, акцёр Бенедыкт Камбербэтч, які граў навукоўца ў фільме Бі-Бі-Сі, астранаўт Цім Пік і многія іншыя. 

Таксама на развітанні з Хокінгам прысутнічалі каля тысячы яго прыхільнікаў з 100 краін свету: яны выйгралі ў латарэю запрашэнні на пахаванне. Агулам у розыгрышы квіткоў удзельнічалі каля 25 тысяч чалавек. Дарэчы, сайт, на якім разыгрываліся запрашэнні на пахаванне, даваў магчымасць зарэгістравацца і падарожнікам у часе, якія нарадзіліся не пазней за 2038 год. 

Таксама на пахаванне запрасілі студэнтаў, якія, як і сам Хокінг, могуць размаўляць толькі з дапамогай інструментаў сінтэзавання гаворкі.

Пасля цырымоніі развітання з Хокінгам яго зварот будзе трансляваны да бліжэйшай да Зямлі чорнай дзіркі. Зварот будзе суправаджацца музыкай у аранжыроўцы кампазітара Вангеліса. Усе госці цырымоніі атрымалі дыск з запісам прамовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі