Судзяць вайскоўца, якога вінавацяць у смерці сведкі па справе Коржыча
16 кастрычніка ў судзе Мінскага раёна пачаўся суд па справе аб гібелі вясной 2018-га на палігоне падчас планавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы салдата тэрміновай службы Дзмітрыя Удода. Па справе праходзіць вайсковец 120-й асобнай механізаванай брыгады. Яго вінавацяць у парушэнні правілаў абыходжання са зброяй, што па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека. Сваю віну ён прызнае, інфармуе БЕЛТА.
Трагічнае здарэнне адбылося 4 красавіка. Вайсковец, якога цяпер судзяць, уваходзіў у склад экіпажу БМП. Ён парушыў меры бяспекі, з-за чаго пачаў страляць танкавы кулямёт. Механік-кіроўца ад атрыманага скразнога кулявога ранення памёр на месцы.
Яшчэ ў красавіку стала вядома, што Дзмітрый Удод служыў у Печах разам з Аляксандрам Коржычам, які загінуў у кастрычніку 2017-га. Гучная справа цяпер разглядаецца ў судзе. Удод праходзіў па ёй як сведка..