Сума штрафаў за акцыі ў падтрымку незалежнасці наблізілася да $60000
У Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі несанкцыянаваных вулічных акцый у падтрымку незалежнасці, якія прайшлі ў снежні ў Мінску і ў рэгіёнах. Штрафаваць і адпраўляць пад адміністрацыйны арышт іх удзельнікаў пачалі яшчэ ў канцы 2019-га. Суды працягваюцца і ў 2020 годзе. Агулам іх адбылося больш за 160. У панядзелак было вынесена штрафаў на суму 2700 долараў. А як падлічылі праваабаронцы, іх агульная сума наблізілася да $60000. 11 чалавек былі асуджаны агулам на 315 сутак арышту.
Як інфармавала Еўрарадыё, відэаблогера Змітра Казлова ("Шэрага Ката") асудзілі яшчэ на 15 сутак адміністрацыйнага арышту — агулам іх у яго 120 (!). Ён адседзеў 26 сутак, пасля чаго быў выпушчаны — нібыта, на час дэзінфекцыі ў ізалятары. 27 студзеня "Шэры Кот" быў у эфіры Еўрарадыё.
У панядзелак у сталіцы аштрафавалі палітыка Мікалая Статкевіча, журналістку газеты "Новы Час" Дзіяну Серадзюк — па 1350 рублёў, Андрэя Кудзіка — на 1080 рублёў, першага амбасадара Беларусі ў Германіі Пятра Садоўскага, вядомага перакладчыка Лявона Баршчэўскага — па 810 рублёў кожнага. У Гомелі на 405 рублёў аштрафаваны Барыс Анікееў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.