Журналістку Дзіяну Серадзюк аштрафавалі па новых паказаннях АМАПаўца
Журналістку газеты "Новы Час" Дзіяну Серадзюк аштрафавалі на 1350 рублёў (50 базавых велічыняў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі за незалежнасць Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба БАЖ,
Гэта ўжо другі судовы працэс супраць дзяўчыны. Як распавядала Еўрарадыё, 10 студзеня суд адправіў пратаколы на дапрацоўку. У той час, калі па пратаколах дзяўчына была на мітынгу, насамрэч яна была на занятках замежнай мовы.
Сёння АМАПавец Івашкоў заявіў, што на мінулым пасяджэнні ён памыліўся і бачыў Серадзюк на мітынгу не ў прамежку 18:00-18:30, а пазней.
Яшчэ адзін сведка, міліцыянт Сяргей Астаф'еў, паведаміў, што сфатаграваў Серадзюк на мабільнік у парку Янкі Купалы. Дзяўчына звярнула ўвагу, што фота супадае з тым, што было ў справе раней, толькі каляровае. Прычым раней сцвярджалася, што здымак зроблены з камеры відэаназірання. Яна падкрэсліла, што недапушчальна такім карэнным чынам змяняць паказанні, і паставіла пад пытанне прафпрыдатнасць Івашкова.
Таксама журналістка зазначыла, што ў судзе пастаянна не з'яўляецца яшчэ адзін сведка — Шайко, а яго паказанні слова ў слова дублююць словы Івашкова. І нават памыляюцца супрацоўнікі міліцыі аднолькава.
Аднак суд усё ж аштрафаваў журналістку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.