Суперчэмпіёны выбараў у постсавецкіх краінах
Еўрарадыё склала рэйтынг прэзідэнтаў постсавецкай прасторы, якія перамагалі на выбарах з неверагодна высокімі вынікамі.
У нядзелю ў Казахстане прайшлі прэзідэнцкія выбары. У галасаванні ўзялі ўдзел каля 95% грамадзян краіны, якія маюць права голасу. Паводле дадзеных Цэнтрвыбаркама, бясспрэчным лідарам гонкі з’яўляецца цяперашні прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў, за яго, па папярэдніх падліках, аддалі свае галасы 97,7% выбаршчыкаў.
Нурсултан Назарбаеў
Адзначым, што за ўсю незалежную гісторыю краін былога СССР суперчэмпіёнскія вынікі на выбарах паказвалі ў асноўным прэзідэнты з Сярэдняй Азіі.
Так, абсалютным пераможцам з’яўляецца былы прэзідэнт Туркменістана Сапармурат Ніязаў. На выбарах 1992 года ён перамог з вынікам 99,5%. За ім ідзе былы прэзідэнт Азербайджана Гейдар Аліеў, за якога ў 1993 годзе прагаласавала 98,8% выбаршчыкаў. Неверагодныя вынікі двойчы паказваў лідар казахстана Нурсултан Назарбаеў, у 1991 і 2015 гадах за яго аддалі больш за 97% галасоў. Цяперашні прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў на выбарах 2012 года атрымаў 97,14%. Для параўнання, адзначым, што найвышэйшы вынік Аляксандра Лукашэнкі быў 83% у 2006 годзе. У Туркменістане, напрыклад, ніводзін прэзідэнт не перамагаў з такім нізкім вынікам.
Гурбангулы Бердымухамедаў
Калі разглядаць самыя апошнія выбары на постсавецкай прасторы, дык тут Нурсултан Назарбаеў і Гурбангулы Бердымухамедаў — чэмпіёны. На апошніх выбарах яны перамаглі з вынікам большым за 97%. У сакавіку гэтага года з неверагодна высокім вынікам ва ўзбецкай прэзідэнцкай гонцы перамог Іслам Карымаў. За яго прагаласавала больш за 90% выбаршчыкаў. Таджыцкі лідар Эмамалі Рахмон у 2013 годзе стаў прэзідэнтам дзякуючы 86,9% выбаршчыкаў. Замыкае пяцёрку дзеючых суперчэмпіёнаў паслясавецкіх краін Аляксандр Лукашэнка. За яго прагаласавала амаль 80% беларускіх выбаршчыкаў.
З самымі нізкімі вынікамі на апошніх выбарах перамаглі прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка — 54,7%, Даля Грыбаўскайтэ — 57,9% і армянскі прэзідэнт Серж Саргсян з вынікам 58,6%.
Сярод прэзідэнтаў не ўлічваліся кіраўнікі Малдовы, Латвіі і Эстоніі, бо іх абіраюць тамтэйшыя парламенты.
Іслам Карымаў
Між прэзідэнтаў постсавецкай прасторы, якія даўжэй за ўсіх знаходзяцца на сваіх пасадах, суперрэкардсменам з’яўляецца кіраўнік Узбекістана Іслам Карымаў. Прэзідэнт ён ужо, як 25 гадоў. І яшчэ год да гэтага ён быў кіраўніком ЦККП Узбекістана. Нурсултан Назарбаеў кіруе Казахстанам у якасці прэзідэнта 24 гады, і яшчэ 2 гады кіраваў ім у якасці лідара кампартыі. Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю 21 год, на некалькі месяцаў меней кіруе Таджыкістанам Эмамалі Рахмон. Пуцін з’яўляецца прэзідэнтам Расіі ў агульнай колькасці 11 гадоў.
Фота: odnako.su, nazarbaev.kz, ria.ru, image.zn.ua