Сямашка анансуе новыя перамовы з Расіяй наконт адзінага рынку газу
Беларусь плануе актывізаваць перамовы з Расіяй наконт стварэння адзінага рынку газу. Пра гэта віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заявіў 24 траўня на пленарным пасяджэнні "Інавацыйнае і інвестыцыйнае развіццё машынабудаўнічага комплексу Беларусі", перадае БЕЛТА.
Адзіны рынак газу плануецца стварыць да 1 студзеня 2025 Сямашка нагадаў, што Беларусь і Расія падпісалі дакумент, які рэгулюе газавае пытанне ў 2017-2019 годзе.
Новыя перамовы чыноўнік ахарактарызаваў так: "Мы ўвайшлі ў новы цыкл перамоваў з нашымі расійскімі партнёрамі, пакуль на ўзроўні намеснікаў міністраў. Зараз мы павінны актывізаваць гэтыя перамовы". Па словах Сямашкі, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу да 1 студзеня 2018 года падрыхтаваць адпаведныя дакументы на гэты конт для іх разгляду і наступнага прыняцця.
Разам з тым віцэ-прэм'ер удакладніў, што час для разгляду гэтых дакументаў ёсць ажно да канца 2019 года, дадае агенцтва "Прайм".