Сямашка: Ненармальна, калі Беларусь плаціць за газ удвая больш, чым Смаленшчына
Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка абурыўся тым, што наша краіна плаціць за газ даражэй, чым прылеглыя расійскія рэгіёны. Пра гэта ён заявіў на пленарным пасяджэнні XV Краснаярскага эканамічнага форуму, перадае БЕЛТА.
"Мы не можам прызнаць нармальнай сітуацыю, калі ў Саюзнай дзяржаве, напрыклад на мяжы са Смаленскай вобласцю, Беларусь больш чым удвая за газ больш (плаціць. — Еўрарадыё), чым у Смаленскай вобласці... Мы не пазней за травень працягнем гэтую дыскусію", — заявіў чыноўнік. Ён дадаў, што кошты на расійскі газ для Беларусі застаюцца адкрытай тэмай.
Разам з тым Сямашка заявіў, што краіны выйшлі на траекторыю росту і пераадолелі перыяд рэцэсіі. Найбольш перспектыўнымі галінамі ён назваў сельскую гаспадарку, машынабудаванне.
Беларусь гатовая ўдзельнічаць у конкурсах для пастаўкі грамадскага транспарту ў Краснаярскі край. "Больш за 300 аўтобусаў ужо ёсць у Краснаярску. Мы гатовыя даць аўтобус у любым выкананні — дызельны рухавік, газаматорны, газадызельны, тралейбус, электробус — новы від транспарту, электрацягнікі", — паведаміў віцэ-прэм'ер.