Сяргей Чалы: Праз расійскі падатковы манеўр Беларусь страціць тройчы

Сяргей Чалы: Праз расійскі падатковы манеўр Беларусь страціць тройчы

Закон, які 24 ліпеня прыняла Дзярждума Расіі, балюча ўдарыць па беларускім бюджэце, мяркуе эканаміст Сяргей Чалы.

Дзярждума Расіі прыняла закон, у адпаведнасці з якім з 2019 года пачнецца паступовае зніжэнне экспартнай пошліны на нафту з 30% да 0%. Адначасова цягам трох гадоў адбудзецца рост падатку на здабычу карысных выкапняў. Па словах эканаміста Сяргея Чалага, такія дзеянні нашага “стратэгічнага партнёра” прывядуць да сур’ёзных стратаў у беларускім бюджэце:

“Для Беларусі гэта азначае страты бюджэту ў памеры прыблізна 3-4% ВУП [сёння ВУП Беларусі складае каля $60 млрд, 3% ад гэтай сумы — $1,8 млрд. — Еўрарадыё]. Бо мы зараз атрымліваем пэўныя перавагі ад пагаднення з Расіяй аб так званай “ператаможцы”, у адпаведнасці з якім частка экспартнай пошліны за транзіт расійскай нафты ідзе ў беларускі бюджэт. Гэтыя грошы мы страцім. Плюс рост падатку на здабычу карысных выкапняў прывядзе да падвышэння цаны нафты для Беларусі, набліжэння гэтай цаны да сусветнай. Што негатыўна адаб’ецца на прыбытковасці нашых нафтаперапрацоўчых заводаў”.

Такім чынам, кажа эканаміст, будзе “некалькі крокаў” стратаў для беларускага бюджэту: і страта экспартных пошлін, і зніжэнне падаткаў з прыбытку нафтаперапрацоўчых заводаў. А яшчэ, каб цана бензіну не падскочыла да “непад’ёмных велічынь”, давядзецца зніжаць акцызы. Што таксама прывядзе да стратаў бюджэту, упэўнены Сяргей Чалы.

Шмат у гэтай сітуацыі давядзецца для выжывання зрабіць беларускім нафтаперапрацоўчым заводам, кажа суразмоўца Еўрарадыё.

“У сённяшнім сваім стане пры такіх умовах яны могуць аказацца стратнымі. Таму сёння іх задача — максімальна паскоранымі тэмпамі завяршыць тыя праекты мадэрнізацыі, якія ў іх ёсць. Бо ў будучыні рэнтабельнасць гэтых заводаў будзе залежаць ад таго, які адсотак больш дарагіх, светлых фракцый яны змогуць даваць па выніку”, — папярэджвае эканаміст.

Да ўсяго, НПЗ у Мазыры і ў Наваполацку трэба будзе думаць пра тое, як самім набываць неабходныя для поўнай загрузкі працы прадпрыемства аб’ёмы нафты. Цяпер на нашых заводах “сваю” сырую нафту перапрацоўваюць расійскія кампаніі. Калі прыняты Дзярждумай закон цалкам набудзе моц, рабіць гэта ім стане нявыгадна.

“Падатковы манеўр” рыхтаваўся даўно, і ён правільны з пункту гледжання Расіі. Таму дамагчыся адмены ці адтэрміноўкі яго дзеяння ў Беларусі не атрымаецца. “Выключэнняў ні для каго не будзе”, — упэўнены Чалы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі