Сяргей Дылеўскі: імавернасць, што забастоўкі не адбудуцца, — менш за 1%

Пратэсты насупраць Белтэлерадыёкампаніі ў 2020 годзе / Еўрарадыё
Пратэсты насупраць Белтэлерадыёкампаніі ў 2020 годзе / Еўрарадыё

На працягу ўсяго года людзі баяліся звяртацца да актыўных дзеянняў, актыўна заяўляць сваю жыццёвую і палітычную пазіцыю. Але цяпер ўсвядомілі, што адседзецца не атрымаецца, кажа сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, лідар Беларускага аб'яднання рабочых Сяргей Дылеўскі: "Проста ціхенька буду працаваць на сваім рабочым месцы, і мяне гэтая бяда міне" — не міне. Кожнага беларускага рабочага, сям'ю кожнага беларускага рабочага ўжо закранула гэтая бяда з рэпрэсіямі, са звальненнямі, з пасадкамі ў турмы, суткамі і рэальнымі крымінальнымі тэрмінамі. З выездам людзей. Сем'і выязджаюць за мяжу".

— Імавернасць таго, што забастоўкі ў Беларусі не адбудуцца, — менш за адзін працэнт. Перад тым як аб'явіць 30 жніўня перадзабастовачны стан і свае патрабаванні, на працягу, напэўна, сямі месяцаў вялася работа з працоўнымі калектывамі ў краіне. То-бок гэта не спантанная заява. Не мая прыхамаць.

А гэта планамерная, дакладна праведзеная праца. Якая адабрала не адзін месяц часу. Калі б людзі былі гатовыя раней, мы б абвясцілі перадзабастовачны стан раней. Гэта значыць, само па сабе абвяшчэнне предзабастовачнага стану — гэта не тое што званочак, а гэта адкрытая заява, што мы гатовыя да пачатку забастоўкі.

Дылеўскі мяркуе, што падобнае ўжо было ў гісторыі Беларусі. У краіне могуць паўстаць "галодныя бунты", якія былі ў 90-х гадах. Хоць сітуацыя ў краіне цяпер вельмі падобная, але ніхто разбураць, граміць і ламаць нічога не будзе.

— Я ўпэўнены, што пусты халадзільнік вымусіць выйсці на пратэсты, выйсці ў забастоўкі, у нейкія вулічныя акцыі, на пратэсты. Выйдуць людзі, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі "мая хата з краю". Разважныя людзі ўжо разумеюць, што адбываецца ў нашай краіне. І ўжо актыўна закупляюцца прадуктамі ў запас. Таму што прадукцыя не таннее. То-бок у нас яшчэ не было такога за апошні год, каб нешта стала таннейшым. У нас цэны растуць, растуць і растуць.

У 90-х гадах, у пачатку 90-х ужо былі такія галодныя бунты. Мой бацька быў удзельнікам такіх акцый пратэсту, працуючы на тым самым трактарным заводзе, што і я. Яны выходзілі на вуліцы менавіта таму, што ім не было чым карміць сваю сям'ю.

І я штосьці не прыгадаю, каб была разрабаваная хоць адна крама. Гэта не шлях беларусаў. Беларускі народ вельмі міралюбны. Усе пратэсты ў Беларусі з боку людзей, а не сілавога блока, былі максімальна мірнымі. І я магу з двухсотадсоткавай упэўненасцю сказаць, што ніхто не будзе (калі гэта не правакацыя) біць вітрыны і спрабаваць рабаваць крамы.

— Як дастукацца да тых рабочых, якія пасля змены заліваюць вочы чарнілам і пляваць яны хацелі на ўсё астатняе?

— Папраўдзе такіх работнікаў абсалютна няшмат. Проста гэта такі стэрэатып пра беларускага рабочага склаўся, што ён праходзіць праз прахадную і бяжыць у вінна-гарэлачны аддзел. Таму што такія работнікі максімальна ярка сябе паводзяць. Але іх меншасць, вельмі мала.

Але алкаголікі гэта і ёсць электарат дзейнай улады. Ідэальная ахвяра прапаганды — гэта п'янае стварэнне, якое толькі і думае, як увечары "астаканіцца".

Так што я б не браў у разлік такіх людзей, і няма сэнсу да іх стукацца — гэта некваліфікаваныя кадры. Калі чалавек сапраўды ведае сваю справу, то ў такога чалавека банальна няма часу на тое, каб напіцца і заўтра яму было дрэнна. Чалавек, які сапраўды ведае сваю справу, сваю працу, свой станок, ніколі не дазволіць сабе быць у такім стане. Таму што гэта перашкаджае яго разумоваму развіццю, разумовым здольнасцям. І на такіх людзей я б не звяртаў увагі.

— Перамовы з рэжымам: ці магчымыя яны?

— Я думаю, што кожны прадстаўнік дэмакратычнай апазіцыі дэмакратычных сіл у краіне пагодзіцца і будзе гатовы пайсці на перамовы. Я таксама. Асабіста я лічу, што забастоўка — гэта самы крайні метад барацьбы з рэжымам. Я не хачу забастоўкі. Я не хачу спыняць вытворчасці. Гэта вельмі моцны, вельмі сур'ёзны ўдар па эканоміцы нашай краіны. Але гэта адзіны дзейсны спосаб паказаць нашу сілу і сур'ёзнасць нашых намераў.

І калі перамовы адбудуцца, калі круглы стол паміж дэмакратычнымі сіламі Рэспублікі Беларусь і дзейнай уладай адбудзецца, то, я думаю, дзякуючы гэтаму з'явіцца нейкі шанц пазбегнуць забастовак у краіне. Калі мы зможам дамовіцца. Але мы не гатовыя перагарнуць старонку. Як я і пісаў і казаў у нашых патрабаваннях: толькі перамовы пра пераход улады, пра новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі