Сёлета Дзень Волі ў Мінску зноў адзначаць на плошчы Бангалор

26 лютага адбылося першае пасяджэнне аргкамітэту па святкаванні Дня Волі. Было вырашана правесці 25 сакавіка дэманстрацыю па ўжо традыцыйным сцэнары: збор каля кінатэатра “Кастрычнік”, шэсце да плошчы Бангалор і мітынг у парку Дружбы народаў.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Янукевіч: “Асноўным лозунгам акцыі сёлета стане “Разам за мір і незалежнасць”. Натуральна, у якасці асноўнай будзе прысутнічаць і тэма святкавання, і тэма адстойвання беларускай незалежнасці. Будзе прысутнічаць тэма салідарнасці з Украінай і, шырэй, салідарнасці з усімі народамі, якім сёння пагражае крамлёўскі імперыялізм. А на самой плошчы Бангалор будзем запрашаць выступаць не толькі палітыкаў, але і творчых асобаў, музыкаў і г.д., якія пагодзяцца”.

Што праўда, Янукевіч не верыць у магчымасць паставіць гукаўзмацняльную апаратуру падчас мітынгу. Гэтае пытанне арганізатары будуць вырашаць, але спадзявацца на большае, чым мегафон, не даводзіца.

Наступнае пасяджэнне аргкамітэту, у які ўваходзяць партыя БНФ, “Рух “За свабоду”, “БХД”, “АГП”, “Альтэрнатыва”, “Моладзь “Руху “За свабоду”, “Маладыя хрысціянскія дэмакраты”, прызначана на аўторак, 3 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі