Сёлета запаведную зону Белавежскай пушчы павялічаць больш чым у тры разы

Да 2009 года запаведную зону Белавежскай пушчы плануецца павялічыць больш чым у тры разы — з 30 да 100 тысяч гектараў.

Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара па навуцы Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" Дзмітрый Бярнацкі. Паводле яго слоў, робіцца абгрунтаванне змянення занавання тэрыторыі Белавежскай пушчы.

Так, да зоны "з больш строгім рэжымам аховы" плануецца аднесці гістарычную тэрыторыю пушчы, на якой растуць высокаўзроставыя натуральныя лясы.

Бярнацкі таксама расказаў, што ў найбліжэйшых планах дырэкцыі зварот у ЮНЕСКО з прапановай пашырыць тэрыторыю пушчы, уключаную ў Спіс сусветнай спадчыны. У прыватнасці, да такіх тэрыторый павінна быць аднесена балота "Дзікае" — там захоўваюцца рэдкія віды раслін, амфібій, а таксама вяртлявая чаротаўка (від птушак, які знікае).

БелаПАН