Сёння пачынаецца Кубак свету па біятлоне
Першы этап спаборніцтваў стартуе ў шведскім Эстэрсундзе змяшанай эстафетай. Пачатак гонкі ў 17.30 па беларускім часе.
Беларуска Дар’я Домрачава сёлета галоўны прэтэндэнт на вялікі Крышталёвы глобус, які не даваўся ёй у папярэднія гады.
Галоўныя канкурэнткі Домрачавай сёлета не выйдуць на дыстанцыю: спартовую кар’еру завяршылі нарвежка Тура Бергер і немка Андрэа Хенкель, а ўкраінка Віта Семярэнка прапускае сезон з-за траўмы.
Спрыяльным фактарам можна лічыць і тое, што сёлета ў беларускай зборнай па біятлоне застаецца высокакваліфікаваны кіраўнік сервіс-групы нарвежац Івар Міхал Улеклёйв. Ён выдатна спраўляўся з падрыхтоўкай лыж у часе Алімпіяды ў Сочы і таму яго вырашылі пакінуць у камандзе яшчэ на сезон.
У змяшанай эстафеце ў Эстэрсундзе беларусы выступаць пад 8-м нумарам. Яны пабягуць дыстанцыю ў складзе: Надзея Скардзіна, Дар’я Домрачава, Уладзімір Чапелін, Юрый Лядаў, інфармуе TUT.by