Сёння пройдзе суд над Анатолем Лябедзькам

Сёння пройдзе суд над Анатолем Лябедзькам

Разгляд адміністратыўнай справы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі пройдзе сёння ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы. Справа тычыцца ўдзелу палітыка ў акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля будынку КДБ у Мінску.

Суд над Лябедзькам павінен быў адбыцца 12 лістапада, але сам палітык хадайнічаў аб яго пераносе, бо ў той дзень быў на сустрэчу з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам. З гэтай прычыны судовае паседжанне перанеслі на 20 лістапада.

Нагадаем, што акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў адбылася ўвечары 29 кастрычніка. У ёй прынялі ўдзел каля ста чалавек, у тым ліку вядомыя апазіцыйныя палітыкі і грамадскія актывісты. Людзі запальвалі свечкі і ставілі іх на прыступкі ганку КДБ. Частка ўдзельнікаў акцыі выстраілася ланцугом уздоўж праспекта Незалежнасці.

Міліцыя тады перапісала дадзеныя ўсіх удзельнікаў, аднак нікога не затрымлівала.

Сёлета Анатоль Лябедзька прыняў удзел у шэрагу несанкцыянаваных акцыяў у цэнтры Мінска, у тым ліку ў мітынгу супраць расійскай авіябазы ў Беларусі. За далучэнне да гэтых мерапрыемстваў яго разам з іншымі апазіцыйнымі лідарамі некалькі разоў каралі буйнымі штрафамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі