Сёння ў Лондане пахаваюць айца Аляксандра Надсана
Ён памёр 16 красавіка.
У Лондане сёння пройдзе пахаванне знакамітага ўніяцкага святара айца Аляксандра Надсана. Пахавальная служба адбудзецца ў царкве Святой Марыі ва Усходнім Фінчлі. У гэты ж дзень у Мінску ў касцёле Святых Сымона і Алены адбудзецца памінальная служба.
Айцец Аляксандар Надсан памёр у Лондане 16 красавіка на 89-м годзе жыцця. Ён быў духоўным лідарам беларусаў замежжа: напісаў некалькі кніг па гісторыі Беларусі, быў кіраўніком беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане, старшынёй Камітэту дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.
У 1994 годзе Ватыкан афіцыйна зацвердзіў літургічныя тэксты для беларусаў-уніятаў, перакладзеныя Надсанам на беларускую мову. У Беларусь айцец Аляксандр прыязджаў у кастрычніку 2010 года на прэзентацыю кнігі "Сонца твае не закоціцца, І месяц твой не схаваецца", выдадзеную да яго 80-годдзя і 50-годдзя яго царкоўнага служэння.
Фота Сяргея Шупы