Сысці за жалезную заслону або дзейнічаць: як беларусам не згубіць сябе ў вайне

Беларусь закрываецца жалезнай заслонай услед за Расіяй / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларусь закрываецца жалезнай заслонай услед за Расіяй / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Магчымасць вызначаць будучыню сваёй краіны — ключавое пытанне, якое цяпер павінна займаць беларусаў. Ад таго, як павядуць сябе беларусы цяпер, залежыць, ці змогуць яны ўплываць на жыццё ўнутры краіны і прадстаўляць свае інтарэсы за мяжой. Ці гэта будзе рабіць нехта іншы.

За што змагаецца дэмакратычнае грамадства з пачатку вайны ва Украіне, як Расія закрывае і Беларусь жалезнай заслонай і як беларусам здабыць суб'ектнасць, эксперты абмеркавалі у часе дыскусіі "Беларускі парадак дня ў кантэксце вайны ва Украіне".

Еўрарадыё сабрала важныя тэзісы, каб зразумець, куды ідзе Беларусь і як на гэта могуць паўплываць дэмакратычныя сілы і беларусы ў цэлым.
 

Вайна імперыялізму з правам на самавызначэнне

Уйти за железный занавес или действовать: как белорусам не потерять себя в войне
Цывільны кідае кактэйлі Молатава ў Жытоміры, Украіна / Вячаслаў Ратынскі, Reuters

З пачатку вайны ва Украіне барацьба беларускага дэмакратычнага грамадства набыла новы кірунак, лічыць філосаф, кіраўніца канцэнтрацыі "Сучаснае грамадства, этыка і палітыка", прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Вольга Шпарага.

У 2020 годзе мы змагаліся за дэмакратыю ў Беларусі супраць аўтарытарызму. Цяпер мы змагаемся за дэмакратыю ў Беларусі, супраць вайны ва Украіне, за Беларусь і Украіну супраць Крамля.

Дакладна трэба абазначаць, што з'явілася новая сістэма каардынат. І пытанне, ці можам мы разглядаць Беларусь толькі як пасіўнага закладніка ці ўсё ж такі ёсць суб'ектнасць у беларускага грамадства. Калі мы кажам, што яна ёсць, тады магчымыя і практыкі супраціву.

Адбываецца барацьба светапарадку, заснаванага на правілах, і парадку, які абапіраецца на сілу, дадае палітолаг Андрэй Ягораў.

Уйти за железный занавес или действовать: как белорусам не потерять себя в войне
Грамадзянін Беларусі і Расіі, музыка Ціматэ Суладзэ спальвае расійскі пашпарт / DW

Каб зразумець месца Беларусі ў вайне супраць Украіны і што беларусам рабіць далей, трэба падзяляць рэжым, які ёсць беспасярэдні ўдзельнік агрэсіі, і народ, які стаў закладнікам гэтай сітуацыі.

Пры гэтым трэба разумець, што Беларусь, згодна з міжнародным правам, саўдзельнік агрэсіі, лічыць Андрэй Ягораў.

Далей мы трапляем у даволі складаную сітуацыю ў самой Беларусі і ў цэлым у аўтарытарных рэжымах, якія не абапіраюцца на волю і рашэнні людзей. Народ Беларусі не падтрымлівае ваенную агрэсію.

Па звестках Chatham House, удзел беларускага войска ў вайне ва Украіне на баку Расіі падтрымлівае 3% гарадскіх беларусаў.

Але ва ўнутранай сітуацыі мы не кантралюем дзеянні беларускай дзяржавы. І цяпер наша тэрыторыя выкарыстоўваецца так, як людзі ў Беларусі гэтага не хочуць, — працягвае Андрэй Ягораў.

Аднак паняцце акупацыя не дастасавальнае да становішча Беларусі, упэўнены эксперт.

Беларусь не акупаваная ў прамым сэнсе Расійскай Федэрацыяй. Кіраванне гаспадаркай, медыцынай і адукацыяй, адміністраванне ў Беларусі ажыццяўляецца беларускай дзяржавай.

Калі Пуцін адмовіцца ад акупацыі Украіны, але ўсталюе знешні кантроль над Беларуссю ў значна горшай ступені, чым гэта ёсць цяпер, у тым ліку над грамадзянскай адміністрацыяй, то як мы гэта назавём? Двойчы ўнутранай акупацыяй?

 

Уйти за железный занавес или действовать: как белорусам не потерять себя в войне
Пакуль яшчэ беларускія ўлады кіруюць у Беларусі / Еўрарадыё

Важна, як беларусы ставяцца да свайго становішча і як праявяць сваю пазіцыю. Ад гэтага залежыць, ці будзе ў беларускага народа суб'ектнасць або ў будучыні рашэнні будуць прымацца за беларусаў. А хто будзе прымаць рашэнні, залежыць ад таго, чым скончыцца вайна.

Людзі могуць па-рознаму да гэтага ставіцца. Гэта можа быць пасіўны супраціў, нязгода або актыўны супраціў. Увесь гэты спектр дзеянняў магчымы для Беларусі. Па выніках можна будзе гаварыць аб выяўленай або не да канца выяўленай суб'ектнасці беларускага народа, — кажа Андрэй Ягораў.
 

"Трэба не проста выказваць салідарнасць з Украінай і пакутаваць"

Каб у будучыні Беларусь мела суб'ектнасць і не ўспрымалася як краіна-агрэсар, патрэбны паўнавартасны альтэрнатыўны ўрад на базе тых структур, якія з'явіліся на хвалі супрацьстаяння Лукашэнку яшчэ ў 2020 годзе, лічыць Павел Усаў.

 

Уйти за железный занавес или действовать: как белорусам не потерять себя в войне
Святлана Ціханоўская каля Дома ўрада ў Мінску ў 2020 годзе / Еўрарадыё

Каб гэта не быў проста нейкі апазіцыйны рух, а было выразна пазначанае дзяржаўнае прадстаўніцтва з тым таксама, каб дамагацца прызнання на міжнароднай арэне для таго, каб Беларусь пазбегла ў будучыні негатыўных наступстваў таго, што яна краіна-агрэсар.

Андрэй Ягораў падкрэслівае, што прызнаннем альтэрнатыўнага ўрада не вырашаецца пытанне суб'ектнасці беларусаў. Такі ўрад абавязкова павінен абапірацца на сілы ўнутры краіны.

Супраціў унутры Беларусі павінен быць фактарам і ўдзельнікам гэтых падзей. Але пытанне суб'ектнасці будзе залежаць ад таго, ці ёсць або ці будзе гэта бачны супраціў або не. У якой якасці ён будзе. Не абавязкова гэта гвалтоўны супраціў. Могуць быць нейкія іншыя формы. Гэта дазваляе нам прэтэндаваць на нейкую суб'ектнасць у будучай размове пра лёс краіны.

На думку старшага навуковага супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, знешнія і ўнутраныя фактары павінны працаваць разам. Асабліва важна на знешнім напрамку супрацоўнічаць з Украінай.

У Польшчы вельмі папулярны тэзіс, што Украіна — гэта лідар вольнага свету. Мне здаецца, прыняцце такога тэзіса публічна было б вельмі важным. Трэба не проста выказваць салідарнасць, а мы бедныя пакутнікі працягваем пакутаваць, а гатоўнасць ісці ў фарватары тых умоў і таго шляху, які пракладае цяпер Украіна, якая знаходзіцца на перадавой барацьбы. Гэта шлях для здабыцця той самай суб'ектнасці, — заключае эканаміст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі