Талаковы эфір: як сабраць 16,5 тысячы рублёў для дзіцячага хакейнага цэнтра
У Смаргоні ёсць дзіцячы хакейны цэнтр, але формы для маленькіх хакеістаў недастаткова. Трэба набыць 30 камплектаў хакейнай экіпіроўкі — гэтага хапіла б і на цяперашні склад юніёраў, і на тых дзетак, якія хацелі б вучыцца гуляць у хакей, але чые сем'і не маюць магчымасці набыць форму самастойна. Каб зрабіць гэта, трэнер Уладзімір Жабінскі распачаў краўдфандынгавую кампанію на платформе “Талака”.
Цэнтр пачатковай падрыхтоўкі па хакеі быў створаны ў Смаргоні ў 2016 годзе. Тут займаюцца хлопчыкі ва ўзросце ад 4 гадоў. Хакейныя заняткі праходзяць на адгароджанай плотам лядовай пляцоўцы проста пасярод гарадскіх хрушчовак. Але ў падрыхтоўку маленькіх хакеістаў уваходзіць не толькі праца з клюшкай і шайбай. Трэнер практыкуе комплексны падыход: сёння — акрабатыка, а заўтра — шахматы. Ну і, вядома, хакей.
Як так атрымалася, што грошы для дзетак на “прэзідэнцкі” спорт трэба збіраць краўдфандынгам? Як рухаецца кампанія? Як вучыць хакейнаму майстэрству 4-гадовага хлопчыка? Якія праблемы стаяць перад дзіцячым хакеем і перад беларускім хакеем увогуле? Пра гэта мы гаворым з кіраўніком смаргонскага цэнтра па хакеі Уладзімірам Жабінскім і яго гадаванцам Антонам Рогачам.