Тату давялося тое-сёе пераасэнсаваць — Хіжынкова пра сваё зняволенне

Вольга Хіжынкова / instagram.com/volgena
Вольга Хіжынкова / instagram.com/volgena

Амаль паўтара месяца, праведзеныя ў зняволенні, не змянілі яе, кажа "Міс Беларусь — 2008" Вольга Хіжынкова. Больш за тое, нават калі б яна ведала, што яе там чакае, то зрабіла б гэтак жа.

Першы час яна была ў камеры з "непалітычнымі" — жанчынамі, якіх затрымлівалі пераважна за распіццё спіртных напояў.  Хіжынкова вельмі цёпла кажа пра некаторых з іх. У тым ліку пра Алу Ільінічну, якая "прывяла з сабой у камеру хатніх гадаванцаў", маецца на ўвазе вошай.  

"У цэлым мы нядрэнна ладзілі. І я не зусім разумею, якой рэакцыі ад мяне чакалі, калі падсялялі іх да мяне. Што я пачну крычаць: "Ды вы ведаеце, хто я такая?" і патрабаваць накрухмаленых прасцін? Гэта зусім не ў маёй натуры", расказала Вольга ў вялікім інтэрв'ю TUT.BY.

Яна нагадвае, што вырасла ў вёсцы і што яе складана чымсьці спалохаць і шакаваць.

"Я не тэарэтычна, а на практыцы знаёмая з прадстаўнікамі ўсіх сацыяльных слаёў", — нагадвае яна. Расказвае, як дапамагала суседкам як магла, "дзялілася бялізнай, спрабавала памыць ім галовы". Шампунь супраць вошай, які ёй неаднаразова перадавалі родныя, яна атрымала толькі на выхадзе з СІЗА. У камеру яго так і не аддалі.

"Я нашмат больш баялася прыпадобніцца не да маіх суседак па камеры, а да тых, хто прыдумляе такія "выхаваўчыя метады". Спадзяюся, ніякія жыццёвыя абставіны не зробяць мяне чалавекам з такім мысленнем", — прызнаецца Хіжынкова.

Папе пришлось кое-что переосмыслить — Хижинкова о своем заключении
Вольга Хіжынкова пасля вызвалення з Жодзінскай турмы / tut.by

З велізарным болем яна ўспамінае пра судовыя працэсы, міжвольным слухачом якіх станавілася. Больш за ўсё ўразілі тры гісторыі: пра мужчыну, які з тортам ішоў да састарэлых бацькоў, пра паўглухога дзядулю, які ехаў на выставу пчалярства і ўсё не мог зразумець, у чым яго абвінавачваюць, і пра бацьку, у якога памёр сын — мужчыну ўзялі, калі ён ішоў з царквы.

"Я не бачыла яго твару, але ў голасе было столькі адчаю. Яму далі 15 сутак. У мяне ўсё ўнутры абарвалася. Нават седзячы там, я ўсё роўна не верыла ў тое, што такое можа быць", — кажа Вольга. Суткі далі ўсім траім.

Самымі цяжкімі, прызнаецца яна, былі інфармацыйны голад і думкі пра родных. Але ніхто з яе блізкіх потым ні ў чым не папракнуў.

"Бацькі цалкам на маім баку. Кажуць, што трэба трымаць спіну і заставацца вернай сваім перакананням", — кажа Вольга. А тата нават перагледзеў свае погляды.

Раней мог раздражнёна заўважыць "Ну што вы ўсё ходзіце і ходзіце? Навошта ўсё гэта?", а пасля яе арышту, яму "давялося тое-сёе пераасэнсаваць, інакш давялося б прызнаць, што яго дачка адносіцца да ліку дэбашыраў", смяецца Вольга.

Вольга Хіжынкова правяла ў зняволенні 42 дні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі