Тэлевізары з-за мяжы можна прывозіць толькі раз на год?
Дзякуючы адмене пошлін беларусы сталі нашмат больш вазіць з-за мяжы бытавой тэхнікі. Айчынныя вытворцы пакуль праблемы ў гэтым не бачаць, але мытнікі знайшлі сп
Уваходжанне Беларусі ў Мытны саюз прынесла турыстам прыемны сюрпрыз.
Цяпер замест 35 кілаграмаў можна правозіць 50 кілаграмаў багажу без
растаможкі. Больш за тое, цяпер не трэба растаможваць, напрыклад,
тэлевізар, калі ён важыць да 35 кілаграмаў і каштуе да 1,5 тысяч
долараў. І людзі імгненна скарысталіся гэтай магчымасцю. Як расказалі
Еўрарадыё на памежным пераходзе “Брэст-Цэнтральны”, вазіць тэлевізары
сталі значна часцей.
Супрацоўнік мытні: “Машынамі —
так, сталі вазіць шмат. Там ужо гэтае пытанне стаіць даволі востра. Бо
кантраляваць яго ўсё ж трэба, а рабіць гэта даволі складана”.
Паводле
словаў брэсцкага мытніка, калі чалавек правозіць адзін тэлевізар за год
і гэта яго першая за год паездка за мяжу, то ніякіх пытанняў да яго не
ўзнікне. Іншая рэч — як кантраляваць тых, хто ездзіць за мяжу часта: каб
людзі не рабілі на гэтым паслабленні бізнес і не зрывалі дзяржаўную
праграму па імпартазамяшчэнні. Выйсце мытнікі знайшлі.
Супрацоўнік мытні: “Калі
адзін раз на год, то ніякіх праблем не будзе. Але калі чалавек ездзіць
два разы на дзень, і такое здараецца, а потым гэты тавар з’яўляецца на
рынку альбо прадаецца праз аб’явы ці пад замову прывозіцца — гэта ж
таксама непарадак. У выніку, вы ж самі разумееце, супрацоўнікі мытні не
сёння-заўтра, а праз год-два, могуць за гэта адказваць. Хоць і не
заўсёды, скажам так, здзяйсняючы супрацьпраўныя дзеянні. Таму мы
прапаноўваем людзям запаўняць дэкларацыі — і тады яны ў базу дадзеных
трапляюць, і мы можам хоць неяк кантраляваць гэта. Бо ў яго ж на ілбе не
напісана, што ён учора тэлевізар прывёз, праўда?”
Еўрарадыё
зацікавілася, як новыя мытныя правілы адбіліся на айчынных вытворцах
тэлевізараў. Але, згодна са словамі начальніка ўпраўлення продажу
“Гарызонта” Уладзіміра Ўласюка, на сабе яны ніякіх зменаў не адчулі.
Уладзімір Уласюк: “Мы
нічога не адчулі. Ну, вы ж самі разумееце, што гэта толькі пачалося. І я
як начальнік упраўлення продажу ніякіх змен не бачу. У коштавай пазіцыі
мы ўсё адно больш прыярытэтныя, чым тавар адтуль, а ёсць яшчэ такія
прычыны, як сэрвіс айчынны і гэтак далей”.
Не адчулі пагаршэння з продажам сваёй прадукцыі і на прадпрыемстве “Віцязь”, кажа супрацоўнік аддзела продажу тэлевізараў Сяргей Саўчанка.
Сяргей Саўчанка: “Па грошах і па штуках ніякіх зменаў не адбылося. Ліпень-жнівень — ніякіх зменаў не было ў нас”.
Але,
кажуць і на “Гарызонце”, і на “Віцязі”, рабіць высновы пакуль рана.
Маўляў, новыя мытныя правілы дзейнічаюць не доўга. Праз пэўны час
прадпрыемствы правядуць маркетынгавыя даследаванні і тады будуць рабіць
нейкія высновы.
Можа, коштавыя пазіцыі “Гарызонтаў” і “Віцязяў” і
маюць значэнне ў сённяшняй сітуацыі, але старшыня руху прадпрымальнікаў
“Перспектыва” Анатоль Шумчанка лічыць, што ратуе айчынных вытворцаў адсутнасць мытнай палёгкі для прадпрымальнікаў.
Анатоль Шумчанка: “Ніхто
растаможку не адмяняў. Калі ты займаешся камерцыйнай дзейнасцю, то
трэба аформіць пакет дакументаў, растаможыць тавар і гандляваць ім”.
Таму, кажа, кошты на тэлевізары ды іншую тэхніку на рынках не змяніліся.
Вытворцы
айчыннай тэхнікі ўпэўненыя, што найперш ад новых мытных правілаў
пацерпяць тыя, хто гандлюе замежнай прадукцыяй. Але дырэктар сталічнай
крамы бытавой тэхнікі Людміла Забэла расказала, што апошнім часам у іх кошты на тыя ж тэлевізары ўпалі на 30% і продажы павялічыліся.
Людміла Забэла: “У
нашай краме продажы не зменшыліся. Наадварот, як кошты зменшыліся, так
продажы павялічыліся. У залежнасці ад мадэлі на тыя ж тэлевізары, кошт
зменшыўся тысяч на 200-300, да 100 долараў зменшылася цана”.
Дарэчы,
толькі крамы, якія афіцыйна гандлююць замежнай тэхнікай, здолелі
зменшыць кошты на тавары. Як расказалі Еўрарадыё ў адной з
інтэрнэт-крам, у іх пасля ўваходжання Беларусі ў Мытны саюз тэлевізары
ды мікрахвалёўкі не патаннелі.