Тэнісістка Сабаленка распавяла, чым гатовая накарміць Лукашэнку
"У тэнісе я сябе праяўляю значна лепш, чым у гатаванні ежы", — прызналася першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка ў інтэрв'ю russian.rt.com.
Спартоўка заявіла, што самая складаная страва, якую яна гатавала, — гэта яечня.
"Падчас турніру я, наадварот, імкнуся менш есці, а вось пасля яго магу дазволіць сабе больш. А калі гэта пройгрыш ці, наадварот, яркая перамога, то проста ем як не ў сябе", — распавяла тэнісістка пра сваю рэакцыю на стрэс.
Журналіст пацікавіўся, чым Сабаленка магла б пачаставаць кіраўніка Беларусі:
— А калі б Аляксандр Лукашэнка патэлефанаваў і сказаў, што прыедзе да вас у госці пры ўмове, што вы што-небудзь прыгатуеце?
— Падала б яму бульбу, сала з хлебам і боршч.