TonqiXod “Прадмова”

Еўрарадыё ўскладала вельмі сур’ёзныя спадзяванні на дэбютны альбом “Прадмова” мінскіх альт-рокераў TonqiXod. Хоць бы таму, што запіс яго на студыі “Осмас” пачаўся дзякуючы ўзнагародзе “Дэбют-2013” на прэміі “Даём рады”. І трэба адзначыць, што нашы чаканні спраўдзіліся. “Прадмова” — вельмі прыемны, сур’ёзны, яскравы і ў той жа час няпросты альбом.

Адкрываецца кружэлка, калі не самым, то адным з самых моцных трэкаў лонгплэя. “Насыпаць горы” сваёй ламанасцю, адначасова складанасцю аранжыроўкі і лёгкасцю ўспрыняцця вельмі нагадваюць Pink Floyd. Самому страшна ад такога параўнання, але яно настойліва і безапеляцыйна круціцца ў галаве падчас кожнага праслухоўвання не толькі згаданай песні, але і ўсіх дзевяці нумароў альбому.

Прадмова” — з аднаго боку, вельмі наварочаны альбом. Амаль кожная песня мае абсалютна нечаканы нібы імправізаваны адыход ад асноўнай мелодыкі. Але з іншага боку — усё вельмі проста, ніякіх неверагодных інструментальных партый ды самалюбавання няма. Усё слухаецца на адным подыху, адзін трэк плаўна перацякае ў іншы… нават “Песня пра вяселле”, якая відавочна выбіваецца з агульнага настрою і гуказдабывання альбома, у выніку займае сваю моцную пазіцыю. І без яе дыск, падаецца, не будзе цэльным.

Варта адзначыць тэксты TonqiXod. Увогуле, лірыка беларускіх выканаўцаў — нейкая невядомая хвароба складу, сэнсу і вобразнасці. Часта слухаць “пра што песня” не тое, што нецікава, а нават нельга. У выпадку з TonqiXod рабіць гэта варта і заўсёды прыемна. Лірыку альбома можна вылучаць асобна і слухаць у выглядзе вершаў. І гэта яшчэ больш падкупае, бо музыка зусім не перашкаджае словам, як, натуральна, і словы музыцы. Яны наадварот адзін адно падтрымліваюць і ўзмацняюць. Што праўда, калі аўтар тэкстаў ужо вядомы ў паэтычным асяроддзі Уладзь Лянкевіч, гэта не здзіўляе. Тым не менш!

Дэбютнік TonqiXod не мае хітоў у звыклым разуменні. Ты не будзеш цэлы дзень хадзіць і напяваць прыпеў ці гітарнае сола якой-небудзь песні, але ўзгадваць пэўныя музычныя крокі, тэкставыя радкі, меладычныя зломы — гарантавана. Будзем чакаць наступнай працы, спадзяюся, не менш яскравай і, як гучна гэта б не гучала, важнай для беларускай сцэны.

  • Трэк-ліст:
  • 01 - Уводзіны
  • 02 - Насыпаць горы
  • 03 - Галасы
  • 04 - Песня пра футра
  • 05 - Urbi
  • 06 - Песня пра вяселле
  • 07 - Памяць
  • 08 - Konrad Wallenrod
  • 09 - Пасляслоўе
  •  
  • Склад гурта:
  • Максім Субач — вакал, клавішы, раяль, бас, мандаліна, блок-флейта, акардэон, трохвугольнік, мычанне і г.д.
  • Андрэй Аляксеенка — барабаны, голас
  • Уладзімір Лянкевіч — вакал, электрагітара, акустычная гітара, званочкі, свістулька, шум, гам, крыкі, мычанне і г.д.
  •  
  • Удзел у запісе:
  • Віктар Сямашка — кларнет (5,9), голас (9)
  • Эрык Арлоў-Шымкус — кантрабас (3,7)
  • Уладзімір Галавач — труба (8)
  •  
  • Музыка — TonqiXod, словы — У. Лянкевіч
  •  
  • Запіс — Studio33, Mapletree studio, Vintage mixing, "Осмас" і хатняя студыя TonqiXod
  •  
  • Звядзенне і майстарынг — Канстанцін Пыжоў, акрамя 2 — Яўген Сухавей

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі