Топ-5: навіны 10 траўня
Еўрабачанне паказалі ў запісе, бо гледачу больш важны канцэрт да Дня перамогі
Увечары 9 траўня БТ пачало трансляцыю першага паўфіналу Еўрабачання-2017 з гадзіннай затрымкай. У выніку беларусы, якія хацелі паглядзець жывы эфір песеннага конкурсу, перайшлі на трансляцыю на YouTube.
Прэс-сакратарка БТ Святлана Смалонская-Краскоўская заявіла, што Еўрабачанне паказалі ў запісе, бо гледачу больш важны канцэрт да Дня перамогі. Таму ўвечары на каналах “Беларусь-1” і на “Беларусь-24” паказалі канцэрт “Плошча перамогі”.
Беларусь і Злучаныя Штаты будуць абмяркоўваць вяртанне амбасадараў у Мінск і Вашынгтон, але не ў бліжэйшыя дні. Пра гэта падчас працоўнага візіту ў ЗША, паведаміў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.
У 2008 годзе пасля ўвядзення амерыканскіх санкцыяў Беларусь адклікала свайго амбасадара з ЗША і выслала амерыканскага. На думку Краўчанкі, пасля чарговых выбараў у ЗША сітуацыя можа істотна змяніцца.
Беларусь апынулася ў цэнтры допінг-скандалу. Міжнародны алімпійскі камітэт аб’явіў пра вынікі пераправеркі допінг-пробаў медалістаў Алімпіядаў 2008 і 2012 гадоў.
Забароненыя прэпараты знайшлі ў 63 чалавек. Усяго ў “чорным спісе” згадваюцца прадстаўнікі 19 краін. Сярод іх Беларусь, Расія, Украіна ды Кітай. Агулам допінг выявілі ў 15-ці алімпійскіх чэмпіёнаў.
9 траўня ў Беларусі адсвяткавалі Дзень перамогі. З нагоды вялікага свята беларускія ўлады вырашылі раздаць ветэранам так званыя “пайкі”. Пры гэтым у кожным раёне ў гэтых наборах былі розныя тавары - ад зубной пасты і мыла да шклянак гарэлкі і бутэлек віна.
Рэдакцыя расследаванняў Громадского сумесна з калегамі з міжнароднай сеткі журналістаў OCCRP прадставіла фільм-расследаванне аб забойстве журналіста Паўла Шарамета.
Вялікая група незалежных карэспандэнтаў з першых гадзін працавала на месцы здарэння. У фільме старанна прааналізаваны падзеі ночы перад забойствам.