Топ-5: навіны 21 сакавіка
Лукашэнка: У Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй
У Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй. З такой заявай 21 сакавіка выступіў Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнага візіту ў Магілёў.
Па словах кіраўніка краіны, адзін лагер баевікоў знаходзіўся непасрэдна ў Беларусі “ў раёне Бабруйска і Асіповічаў”. Астатнія – ва Украіне, Літве і Польшчы.
У Гродне ўпершыню за 20 гадоў улады дазволілі вулічную акцыю. Яна пройдзе 25 сакавіка з 12-й гадзіны да 14.30 у Каложскім парку і будзе прысвечана Дню Волі.
Таксама былі дазволены шэсце і мітынг 25 сакавіка ў Брэсце. А вось вулічную акцыю ў Віцебску ўлады не дазволілі. У сераду стане вядома, які адказ мінскія ўлады дадуць заяўнікам акцыі на Дзень Волі ў сталіцы.
У інтэрнэце з’явіўся дакумент ад кіраўніцтва “Гомельшпалераў”, з якога вынікае, што на прадпрыемстве могуць скараціць да 50% супрацоўнікаў. У сваю чаргу, на самім заводзе гэтую інфармацыю абвяргаюць.
Намеснік дырэктара па ідэалогіі Віктар Кушнераў запэўнівае, што на прадпрыемстве будзе яшчэ больш рабочых, а вось кіраўнікоў будуць “скарачаць”, каб павысіць заробкі звычайным працаўнікам.
Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне сайту "Нашай Нівы". Ліст за подпісам міністра Ліліі Ананіч датаваны 14-м сакавіка. Пра гэта паведамляецца на сайце выдання.
Папярэджанне вынеслі за распаўсюд інфармацыі, "здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі". Дарэчы, на мінулым тыдні з такой жа фармулёўкай папярэджанне атрымаў партал tut.by.
У армянскім самалёце, які транзітам следаваў праз Гомель, перавозілася абсталяванне з атамнай электрастанцыі. Самалёт ляцеў з Арменіі ў Балгарыю, а потым у Харватыю. Пра гэта паведамляюць армянскія СМІ са спасылкай на Міністэрства энергетыкі Арменіі.
Раней у Арменіі адмаўлялі наяўнасць радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, які прыбыў з Ерэвана ў Гомель. Між тым, беларускі бок паведаміў, што груз на гэтым самалёце перавышаў радыяцыйны фон у 250 разоў.