Топ за тыдзень: “Шэнген” для беларусаў можа патаннець да 35 еўра
“Шэнген” для беларусаў можа патаннець да 35 еўра ўжо ў наступным годзе
Шэнгенскія візы для беларусаў могуць патаннець да 35 еўра ўжо ў наступным годзе. Пра гэта заявіў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Беларусі Аляксей Бягун.
Па яго словах, падпісанне дакументаў з ЕС па спрашчэнні візавага рэжыму знаходзіцца на фінальнай стадыі. А ўсе фармальнасці могуць вырашыцца ўжо ў чэрвені.
Акрамя таго, Бягун распавёў, што ў наступным годзе могуць з’явіцца трохгадовыя і пяцігадовыя візы.
З 1 чэрвеня кіроўцы-замежнікі не могуць працаваць у Расіі без расійскіх правоў. Пад гэтае патрабаванне трапляюць і беларусы, нават нягледзячы на тое, што з’яўляюцца грамадзянамі “саюзнай дзяржавы”.
Цяпер нашых суайчыннікаў у Расіі могуць адхіліць ад працы. А калі зловяць за працай без пасведчання расійскага ўзору, аштрафуюць.
Сталічная міліцыя агучыла сваю версію жорсткага затрымання ў метро, якое выклікала вялікі скандал у сацыяльных сетках.
Прэс-служба міліцыі сцвярджае, што нецвярозы хлопец зламаў нос міліцыянту, калі той спрабаваў адвесці яго ў аддзяленне. У выніку юнака затрымалі толькі з дапамогай службы бяспекі метро і міліцэйскага нараду.
Аднак сама форма затрымання 19-гадовага хлопца выклікала шмат пытанняў. А абмеркаванне гэтай сітуацыі вылілася ў сапраўдную сварку з пагрозамі паміж актывістам Антонам Матолькам і прадстаўніком міліцыі.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў інтэрнэт-канфлікт паміж блогерам Антонам Матолькам і кіраўніком прэс-службы МУС “спрэчкай двух джэнтльменаў”. Пра гэта чыноўнік распавёў адразу пасля пасяджэння парламента.
Шуневіч лічыць, што яго падначалены “вельмі карэктна і вельмі добра адказваў на закіды актывіста”. Таму ніякай праверкі праводзіцца не будзе.
Гомельскага блогера Максіма Філіповіча прыраўнялі да СМІ. І цяпер будуць судзіць.
Міліцыянтам не спадабаліся відэаролікі, якія актывіст размяшчаў на сваім канале ў Youtube, і на яго склалі пратакол.
У гэтым дакуменце сцвярджаецца, што Філіповіч — настолькі ўплывовы чалавек, што "фактычна падмяняе сабой дзяржаўны СМІ”.