Трамп аб’явіў, што хоча зноў адправіць чалавека на Месяц

Трамп аб’явіў, што хоча зноў адправіць чалавека на Месяц

Дональд Трамп аб’явіў, што хоча зноў адправіць чалавека на Месяц. Прэзідэнт ЗША падпісаў мемарандум пра змену мэтаў амерыканскай касмічнай праграмы. Ранейшы дакумент у 2010-м зацвердзіў прэзідэнт Барак Абама. У ім не было гаворкі пра высадку на спадарожнік Зямлі. А толькі пра адпраўку да 2025 года карабля з людзьмі “за межы Месяца”, а да 2030-х — на арбіту Марса.

У праграме, якую падпісаў Трамп, ужо няма гэтых датаў. Пасля палёту на Месяц варта чакаць палёту на Марс, але калі гэта будзе, ніхто не ведае.

Як вядома, амерыканцы апошні раз былі на Месяцы ў 1972 годзе. Да 45-х угодкаў гэтай падзеі і было прымеркавана падпісанне мемарандума. “Мы ўпершыню з 1972 года вернем амерыканскіх астранаўтаў на Месяц для даследаванняў, — гаварыў Дональд Трамп. — На гэты раз мы не толькі ўсталюем сцяг і пакінем след, але створым аснову для палёту на Марс. А пасля, магчыма, і ў іншыя светы”.

Сайт meduza.io нагадвае, што ЗША патрацілі на месяцовую місію 25 млрд долараў ($146 млрд у цяперашніх цэнах). Аднак дзе будуць узятыя сродкі на новыя палёты, на імавернае стварэнне на спадарожніку пастаяннай базы, незразумела. У часы праграмы “Апалон” NASA атрымлівала 5% дзяржаўнага бюджэту, цяпер — каля 1%. У любым разе Трампу будзе патрэбная падтрымка Кангрэсу. Пакуль жа яго мемарандум — гэта дэкларацыя пра намеры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі