“Транснафта” абяцае ліквідаваць праблемы з якасцю нафты для Беларусі
Расійская кампанія “Транснафта” плануе вырашыць праблему з якасцю нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, на пачатку тыдня. Пра гэта 19 красавіка паведаміў афіцыйны прадстаўнік кампаніі Ігар Дзёмін.
“Кіраўніцтва і супрацоўнікі кампаніі знаходзяцца ў пастаянным кантакце з спецыялістамі “Гомельтранснефтьдружбы”, кіраўніцтвам канцэрна “Белнафтахім” і НПЗ РБ. Мы гатовыя сустракацца з нашымі беларускімі калегамі, каб абмеркаваць сітуацыю. Кампанія кругласутачна маніторыць паказчыкі па наяўнасці арганічных хларыдаў, а таксама праводзіць аналіз арбітражных пробаў на прадмет вызначэння крыніцы “забруджвання”. Па нашых прагнозах, сітуацыя з якасцю павінна нармалізавацца да панядзелка-аўторка наступнага тыдня “, — сказаў ён.
Як распавядала Еўрарадыё, раней прадстаўнікі “Белнафтахіму” паскардзіліся на якасць нафты, якая ідзе з Расіі. Прэс-сакратар кампаніі Марына Кастючэнка адзначыла, што пераапрацоўка такога паліва можа парушыць тэхналагічныя рэжымы беларускіх НПЗ. Каб вырашыць праблему, прадстаўнікі “Белнафтахіму” запрасілі на афіцыйную сустрэчу калег з “Транснафты”.
Пра праблемы з якасцю расейскай нафты, што ідзе па трубе ў Беларусь, стала вядома на фоне пагаршэння адносінаў паміж Беларуссю і Расіяй. Аляксандр Лукашенка ўчора падчас паслання народу і парламенту зноў пакрытыкаваў расійскага пасла Міхаіла Бабіча, а той не стаў адмоўчвацца. Потым пікіроўка працягнулася на ўзроўні Бабіча і МЗС Беларусі.